Мінск 15:54

У абноўлены санкцыйны спіс ЕС унесена пяць беларускіх банкаў (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: Alexey Larionov / unsplash.com

23 кастрычніка, Позірк. У 19-ы санкцыйны пакет Еўрапейскага саюза супраць Расіі ўнесена пяць беларускіх банкаў, вынікае з дакумента, апублікаванага 23 кастрычніка ў афіцыйным журнале ЕС.

У спіс трапілі “Альфа-Банк (Беларусь)”, “Сбер Банк (Беларусь)”, “Банк ВТБ (Беларусь)”. Санкцыі ў дачыненні да гэтых арганізацый набудуць моц 2 снежня.

Адметна, што ў новым пераліку фігуруюць яшчэ дзве беларускія фінансава-крэдытныя ўстановы — Банк “БелВЭБ”, “Белгазпрамбанк”, якія трапілі пад абмежавальныя меры сёлета ў лютым.

У адпаведнасці з абмежавальнымі мерамі “забараняецца наўпрост альбо ўскосна ўдзельнічаць у любых здзелках з юрыдычнай асобай, арганізацыяй або органам”, унесеным у санкцыйны спіс.

24 лютага 2022 года “Банк ВТБ” (Беларусь), як і яго мацярынская кампанія, быў унесены ў санкцыйны спіс ЗША. Пад санкцыямі Вялікабрытаніі знаходзіцца беларускі “Альфа-Банк”. У санкцыйны спіс Канады з 2023 года ўключаны “Сбер Банк”, “Банк БелВЭБ”, “Белгазпрамбанк”, “Банк ВТБ (Беларусь)”.

Пад санкцыямі таксама ЕС знаходзяцца “Белінвестбанк”, “Белаграпрамбанк”, банк “Дабрабыт” і Банк развіцця. У ліпені 2025 года гэтыя банкі ў чарговы раз трапілі пад абмежавальныя меры. Савет ЕС пашырыў “існую забарону на наданне спецыялізаваных фінансавых паведамленняў да забароны на транзакцыі з пэўнымі беларускімі крэдытнымі ўстановамі і іх даччынымі структурамі ў Беларусі, якія адыгрываюць значную ролю ў беларускай фінансавай сістэме і ўжо з’яўляюцца аб’ектам абмежавальных мер, уведзеных саюзам”.

Банк развіцця Беларусі, “Белаграпрамбанк” і банк “Дабрабыт” афіцыйна адключаныя ад сістэмы SWIFT яшчэ ў сакавіку 2022 года.

Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне спыніць надаваць гэтым банкам паслугі SWIFT 9 сакавіка ў адказ на ўдзел Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Раней гэтыя банкі, а таксама “Беларусбанк” і “Белінвестбанк” трапілі пад абмежавальныя меры ЕС іншага характару.

“Белінвестбанк” адключылі ад SWIFT у чэрвені 2022 года.

Падзяліцца: