Калі “змена формы” аховы Ціханоўскай перашкаджае яе дзейнасці, трэба пра гэта казаць — кіраўнік МЗС Літвы

25 кастрычніка, Позірк. Перагляд аховы беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай “не быў палітычным рашэннем пра зніжэнне ўзроўню”, гэта “змена формы”, заявіў журналістам 24 кастрычніка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
“Калі гэтая змена формы перашкаджае дзейнасці, трэба пра гэта казаць. <…> Аднак гэтае пытанне не звязанае са знешняй палітыкай Літвы”, — цытуе кіраўніка літоўскай дыпламатыі партал навінаў Delfi.
Такім чынам Будрыс адрэагаваў на навіну пра тое, што сітуацыя са зніжэннем узроўня аховы Ціханоўскай прывяла да скасавання яе візіту ў Арменію.
Паводле слоў кіраўніка МЗС Літвы, ён чуў “розныя разважанні” офіса Ціханоўскай пра перанос сваёй дзейнасці па-за межы Літвы. Разам з тым ён нагадаў, што “офіс у Літве акрэдытаваны, мае афіцыйны статус”.
“Дзе офіс хоча ажыццяўляць сваю дзейнасць — яны вольныя прыняць рашэнні. Але дзе б ён ні знаходзіўся, мы абавязкова будзем супрацоўнічаць, бо маем шмат агульных тэм. <…> Мы маем планы дзейнічаць як па далейшай падтрымцы беларускай апазіцыі, так і па далейшым ціску на рэжым [Аляксандра Лукашэнкі]”, — заявіў Будрыс.
Напярэдадні дарадца дэмлідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі паведаміў парталу 15min.lt, што офіс Ціханоўскай быў вымушаны скасаваць “даўно запланаваны, першы ў гісторыі візіт” у Арменію на пленарнае пасяджэнне Euronest (28–30 кастрычніка).
“Гэта звязана з рашэннем [Літвы] прыпыніць выкарыстанне асабістай аховы — Службы бяспекі першых асоб дзяржавы — за мяжой, — сказаў ён. — Мы спадзяваліся, што для краін з высокім узроўнем рызыкі будзе зробленае выключэнне, але, на жаль, гэтага не адбылося”.
“Гэты візіт мог бы стаць важным крокам ва ўмацаванні супрацы і пашырэнні нашай агульнай еўрапейскай перспектывы”, — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Кучынскі падкрэсліў, што не крытыкуе рашэнне ўладаў Літвы. Паводле яго слоў, офіс беларускага дэмлідара ўдзячны літоўскаму прэзідэнту Гітанасу Наўседу, міністру замежных спраў Кястуцісу Будрысу і спікеру Сейма Юозасу Олекасу “за аказаную дапамогу”.
7 кастрычніка стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільнюсе. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэнне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс назваў гэты крок здрадай). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.
Дзейная кіраўніца урада Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не знятая, але “скарэктаваная з улікам наяўных рэалій”. На яе думку, літоўскія службы “выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бяспекі трэба рабіць на аснове гэтага”.
8 кастрычніка Кучынскі заявіў, што праца фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі”.
14 кастрычніка Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.
На думку дэпутата, віцэ-старшыні камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы Томаса Тамілінаса, узровень аховы Ціханоўскай “як абранага прэзідэнта” павінен застацца ранейшым, паколькі “беларускі рэжым ніяк не змяніўся”.
17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.
22 кастрычніка намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў пра “пагрозы ўчынення забойства”, якія паступілі на яго адрас і на адрас Ціханоўскай.
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваУ работнікаў бюджэтнай сферы будзе забраны дзённы заробак у фонд восеньскага суботнікаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, ПалітыкаBelPol: Украіна — першы атрымальнік інфармацыі аб вайсковай актыўнасці ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала найменшую за 7,5 месяца колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі



