Мінск 19:40

Польшча адкрые пункты пропуску “прыкладна ў сярэдзіне лістапада” — прэс-сакратар урада

Ілюстрацыя: pixabay.com

30 кастрычніка, Позірк. “Прыкладна ў сярэдзіне лістапада” Варшава адкрые пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, паведаміў прэс-сакратар урада Польшчы Адам Шлапка.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць інфармагенцтва РАР, адпаведная дамоўленасць дасягнутая паміж прэм’ер-міністрамі Польшчы і Літвы Дональдам Тускам і Інгай Ругінене.

Раней Ругінене заявіла, што Варшава “абавязкова скаардынуе” з Вільнюсам свае планы адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю.

30 кастрычніка міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю адкладзенае на некалькі тыдняў.

“Мы зрабілі б гэта значна раней, калі б свае пераходы з Беларуссю не закрыла Літва. Літоўцы — нашы партнёры, мы з імі ў кантакце”, — сказаў Кервіньскі ў эфіры Polskie Radio.

Аб планаваным адкрыцці пагранпераходаў на мяжы з Беларуссю заявіў 28 кастрычніка прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Гаворка аб пункце пропуску Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца), які быў закрыты ў лютым 2023 года пасля асуджэння актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, і пераходзе Кузніца (Брузгі), закрытага ў лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс.

Туск адзначыў, што адкрыццё двух памежных пераходаў, запланаванае на пачатак лістапада, стане “выпрабавальным” рашэннем. “Калі акажацца, што з нейкай прычыны <…> мяжу неабходна закрыць, я не буду вагацца ні хвіліны”, — дадаў ён, патлумачыўшы, што гаворка ідзе пра патэнцыйныя праблемы бяспекі.

Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрытыя на працягу месяца — такое рашэнне прынятае на пасяджэнні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24:00 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захаваюцца выключэнні.

Познім вечарам 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін, такім чынам, цяпер тэрмін падоўжаны да канца восені.

Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка. З-за аэрастатаў у аэрапорце Вільнюса было затрымана альбо адменена восем рэйсаў. Пазней аэрапорт у літоўскай сталіцы яшчэ тройчы прыпыняў працу з-за масавага залёту ў краіну з Беларусі метэазондаў з кантрабандай.

Падзяліцца: