Мінск 14:00

Лукашэнка плануе “ў хуткім часе” наведаць Алжыр

Алжыр
Ілюстрацыйнае фота: Daoudi Aissa / unsplash.com

1 лістапада, Позірк. Пра планы “ў хуткім часе” наведаць Алжыр адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 лістапада з Днём рэвалюцыі народ гэтай краіны ў Паўночнай Афрыцы і яе прэзідэнта Абдэльмаджыда Тэбуна, які, як сцвярджаецца, і запрасіў беларускага палітыка.

“Перакананы, наш двухбаковы дыялог надасць дадатковы імпульс далейшай супрацы”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

1 лістапада 1954 года, калі быў створаны Фронт нацыянальнага вызвалення і нанесены першы ўдар паўстанцаў па французскіх вайсковых аб’ектах на алжырскай тэрыторыі (цяпер святкуецца як Дзень рэвалюцыі), на думку Лукашэнкі, з’яўляецца “паваротнай вяхой у гісторыі Алжыра, з якой пачаўся гераічны шлях нацыі да незалежнасці і права самастойна вызначаць свой лёс”.

Віншавальнік заявіў, што “эпоха аднабаковай гегемоніі і дыктату адыходзіць у мінулае, саступаючы месца шматпалярнаму і больш справядліваму свету”. Таму, лічыць ён, важна “ўмацоўваць каардынацыю паміж краінамі, якія падзяляюць прыхільнасць да сапраўднага партнёрства, заснаванага на павазе, роўнасці і неўмяшанні ва ўнутраныя справы”.

Лукашэнка сцвярджае, што Беларусь і Алжыр “ужо сёння дэманструюць прыклад такога ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках у падтрымцы прынцыпаў суверэнітэту і адмовы ад палітыкі санкцыйнага ціску”.

У мінулым месяцы Алжыр наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. 22 кастрычніка ён сярод іншага перадаў Тэбуну пасланне Лукашэнкі “з бачаннем беларускага боку па развіцці двухбаковай супрацы з акцэнтам на эканоміку”.

На наступны дзень на сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС і міністра сельскай гаспадаркі, развіцця сельскіх тэрыторый і рыбалоўства Алжыра Ясіна Мехдзі Уаліда было заяўлена пра неабходнасць павялічыць узаемны тавараабарот.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

Паводле звестак на сайце МЗС, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 1,01 млн долараў, прычым уся сума прыпала на беларускі экспарт. У асноўным Мінск пастаўляў калійныя ўгнаенні, прасякнутыя ці пакрытыя пластмасамі тэкстыльныя матэрыялы, газетную паперу і канцылярскія вырабы. Актуальных даных ведамства не прыводзіць.

Падзяліцца: