Мінск 17:26

Жыхар Магілёва загінуў пад коламі цягніка ў Дубровенскім раёне, СК праводзіць праверку

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

3 лістапада, Позірк. 55-гадовы жыхар Магілёва загінуў пад коламі цягніка, які рухаўся па маршруце Масква — Мінск. Трагедыя адбылася на станцыі Асінаўка (Дубровенскі раён Віцебскай вобласці) удзень 31 кастрычніка, аднак прэс-служба Следчага камітэта паведаміла пра яе толькі 3 лістапада.

“Папярэдне высветлена, што мужчына знаходзіўся паміж платформай і рэйкамі ў стане алкагольнага ап’янення, — гаворыцца ў паведамленні. — У асабістых рэчах загінулага знойдзена практычна пустая бутэлька моцнага спіртнога”.

Праверку па факце гібелі мужчыны праводзіць Дубровенскі раённы аддзел СК.

24 кастрычніка ведамства паведаміла, што ў Маларыце (Брэсцкая вобласць) пад коламі цягніка загінуў 62-гадовы мясцовы жыхар. Папярэдне заяўлялася, што “мужчына напярэдадні гібелі распіваў спіртное і ранкам вяртаўся дадому праз чыгуначныя шляхі”.

У красавіку намеснік начальніка ўпраўлення грамадскай бяспекі на аб’ектах транспарту МУС Віталь Якубоўскі паведаміў, што ад пачатку 2025 года на чыгунцы зафіксавана 18 няшчасных выпадкаў, 11 з іх — са смяротным вынікам.

За дзевяць месяцаў года на аб’ектах чыгуначнага транспарту адбылося 8 няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх, 5 з іх — са смяротным вынікам, паведаміла 13 кастрычніка Беларуская чыгунка.

Падзяліцца: