Мінск 23:35

Пацярпелыя ў выніку аварыі на “Беларуськаліі” рабочыя па-ранейшаму ў стабільна цяжкім стане — Мінздароўя

Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску
Архіўнае відэа беларускага тэлебачання / стоп-кадр: "Позірк"

3 лістапада, Позірк. Стан чацвярых рабочых, якія пацярпелі 31 кастрычніка ў выніку аварыі на ААТ “Беларуськалій” (Мінская вобласць), ацэньваецца як стабільна цяжкі, паведаміла 3 лістапада прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Двое пацярпелых падключаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх — у іх цяжкая інгаляцыйная траўма. Двум пацыентам 3 лістапада выкананыя аператыўныя ўмяшанні — хірургічная апрацоўка ран і этапнае выдаленне пашкоджаных тканін.

Стан пацярпелых не змяніўся з 1 лістапада — тады медыкі таксама ацэньвалі яго як стабільна цяжкі.

Як паведамляў “Позірк”, пра аварыю на ААТ “Беларуськалій” стала вядома ўдзень 31 кастрычніка. Каля 13:00 на адкрытай пляцоўцы цэха мембраннага электролізу 4-га рудаўпраўлення адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла суседні рэзервуар “з аналагічным хімічным растворам”, утварылася ўцечка кіслаты.

Пасля аварыі былі ўзятыя пробы паветра на ўтрыманне пары шкодных рэчываў — перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не зафіксавана, заяўляла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, адзначыўшы, што наступствы здарэння лакалізаваныя, пагрозы здароўю людзей няма.

Непасрэдна ў выніку разрыву ёмістасці пацярпела чатыры работнікі прадпрыемства — адна жанчына і трое мужчын. Спачатку пацярпелых з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі даставілі ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу (ЦРБ), але пасля кансіліуму ўрачоў іх перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр і нейрарэанімацыю бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Да перавозкі ўрачы ЦРБ разам з рэспубліканскімі спецыялістамі зрабілі аперацыі двум пацыентам.

Па факце траўмавання рабочых Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу паводле ч. 1 арт. 306 КК (парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, прамысловай санітарыі або іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання).

Падзяліцца: