Мінск 23:35

У Жэневе выказалі занепакоенасць пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі

Дэлегацыя Мінска на слуханнях у Жэневе
Фота: МЗС

3 лістапада, Позірк. Занепакоенасць пагаршэннем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі было выказана ў выступах шэрагу дэлегацый у Жэневе (Швейцарыя) падчас слуханняў 3 лістапада чацвёртага цыклу Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) у рамках Савета ААН па правах чалавека (СПЧ).

Шэраг выступоўцаў запатрабаваў вызваліць палітвязняў і ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю, забяспечыць перагляд “антыэкстрэмісцкага” заканадаўства, спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, правесці свабодныя выбары, забяспечыць свабоду СМІ і грамадскіх арганізацый, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і ажыццявіць іншыя дэмакратычныя пераўтварэнні.

У прыватнасці, падобныя тэзісы гучалі ў выступленнях дэлегацый большасці краін ЕС (прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі і Славакіі ў дэбатах не ўдзельнічалі), Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ісландыі, Канады, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Украіны, Эквадора і інш.

Дэлегацыі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін таксама запатрабавалі спынення міграцыйнага крызісу.

У некаторых выступленнях утрымліваліся заклікі да ўладаў перагледзець заканадаўства, якое абмяжоўвае дзейнасць супольнасці ЛГБТК+, спыніць пераслед беларускага духавенства і вернікаў, а таксама запалохванне грамадзян унутры краіны і за мяжой, забяспечыць інклюзіўны дыялог з палітычнай апазіцыяй.

Шэраг дэлегацый заклікаў Беларусь аднавіць удзел у факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Усяго ў дэбатах прыняло ўдзел больш за 100 дэлегацый, выступленні большай часткі з іх насілі нейтральны характар, некаторыя адзначалі пэўны “прагрэс”, дасягнуты, на іх думку, Беларуссю, за мінулыя пяць гадоў пасля праходжання трэцяга цыклу УПА.

Прадстаўнік Расіі, вітаўшы “канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі з УПА”, заявіў, што прадстаўлены афіцыйным Мінскам даклад “адлюстроўвае аб’ектыўную карціну ў сферы забеспячэння правоў чалавека”, выказаў заклапочанасць “палітызаваным падыходам шэрагу заходніх краін да асвятлення сітуацыі ў Беларусі і наўмысным нагнятаннем істэрыі вакол так званых палітвязняў”. На яго думку, “заходнія спонсары” беларусаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, зацікаўленыя ў “дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай абстаноўкі ў рэспубліцы”.

Падчас дэбатаў прадстаўнікам афіцыйнага Мінска была прадастаўлена магчымасць выступіць з каментарыямі, якой скарысталіся ўсе члены дэлегацыі.

Прадстаўніца Міністэрства інфармацыі заявіла пра адсутнасць у Беларусі якой-небудзь дыскрымінацыі за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў, адзначыўшы, што за іх пераслед у краіне ўстаноўленая крымінальная адказнасць. Яна таксама адзначыла, што большасць СМІ ў Беларусі з’яўляюцца недзяржаўнымі, а ведамства “аказвае дапамогу журналістам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі”.

Прадстаўніца Мінюста заявіла, што сцвярджэнні аб катаваннях у беларускіх месцах несвабоды не адпавядаюць рэчаіснасці, ліквідаваныя ў Беларусі палітычныя партыі “не скарысталіся магчымасцю перарэгістрацыі”, а грамадскія арганізацыі былі закрытыя “за неаднаразовыя і грубыя парушэнні заканадаўства”.

Паводле сцвярджэння намесніка міністра замежных спраў Ігара Сякрэты, у Беларусі няма палітвязняў, звярнуўшы ўвагу на апошнія “гуманітарныя” вызваленні Аляксандрам Лукашэнкам “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Рабочая група па УПА плануе прыняць рэкамендацыі, вынесеныя Беларусі, 14 лістапада 2025 года, апублікаваць — 21 лістапада. Іх папярэдняя версія, як было заяўлена на пасяджэнні, з’явіцца ў другой палове дня 5 лістапада.

Падзяліцца: