Мінск 23:43

Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзіць скаргу на прыгавор журналіста Ігара Ільяша

Фота: старонка Сяргея Ваганава ў "Фэйсбуку"

4 лістапада, Позірк. Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзіць апеляцыйную скаргу на прыгавор Ігара Ільяша, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Сяргей Ваганаў — дзед жонкі журналіста Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітвязняволенай.

Пасяджэнне пачнецца а 9:30.

16 верасня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Ільяша да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Такога ж пакарання патрабаваў пракурор.

12 верасня Ільяш у апошнім слове на судзе адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў. Мужчына абвінавачваўся паводле арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Раней Ваганаў выказаў меркаванне, што экспертыза “не выявіла ніводнага ілжывага факта”, распаўсюджанага журналістам Ільяшам.

Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд “заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы”, прагучала “абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах” загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта, доктара філалогіі Сяргея Лебядзінскага.

У якасці аргументаў эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшом у сваіх артыкулах тэрміна “палітвязні”, паколькі ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе, удакладніў Ваганаў.

Пра затрыманне Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён быў затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст “збіраў даныя для замежных разведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.

На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, сярод якіх былі і рэсурсы, што былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фармаваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія звярталіся да яго па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён — ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам з аператаркам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была асуджаная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання восенню 2020 года.

20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў прысуд без змен. Пры гэтым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” заменена на “шпіянаж”.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у няволі знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыя.

Падзяліцца: