Даследчыца Вольга Сямашка рыхтуе кнігу пра могілкі беларусаў Падляшша
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 лістапада 2025 года ў 08:50

5 лістапада, Позірк. Кнігу “Могілкі беларусаў Падляшша” рыхтуе да выдання некрапалістка (даследчыца могілак) Вольга Сямашка.
Гэтая праца, паводле слоў аўтара, раскрывае ідэнтычнасць беларусаў рэгіёна праз аналіз могілак як месцаў памяці. Кніга мае адпаведны падзагаловак — “Могілкі як прадмет функцыянавання памяці супольнасці памежжа”. У аснову выдання пакладзена магістарская работа аўтара, ухваленая да друку ў 2023 годзе.
Кніга аб’ядноўвае гістарычныя і этнаграфічныя матэрыялы, палявыя даследаванні і фатаграфіі (больш за 700 старонак і 300 здымкаў). Выданне рыхтуецца на беларускай мове накладам 200 асобнікаў.
“У кнізе даецца апісанне 28 адметных могілак Падляшша, якія так ці інакш датычныя гісторыі беларусаў гэтага рэгіёна”, — паведаміла “Позірку” Вольга Сямашка. Паводле яе слоў, адметнасць польскіх могілак у тым, што яны пераважна знаходзяцца ва ўзорным парадку.
“Аднак назіраюцца выпадкі, калі гістарычна важныя надгробкі, калі не маюць жывых даглядальнікаў, могуць пераносіцца ў лапідарый або паступова знікаюць пад “грузам” новых пахаванняў. Асаблівасць жа пагранічча ўплывае на латэнтнае ўспрыманне могілак і магіл як беларускіх. Жыхары больш кажуць так: “Гэта нашыя могілкі, тут усе ляжаць”. Таму ў кнізе я шукаю шляхі бяспечнага выкрышталізоўвання “беларускасці” на могілках як месцах сустрэчы беларусаў-аўтахтонаў і беларускай дыяспары, якія паступова сутыкаюцца з пытаннем, як абазначаць свае магілы ва ўсіх сэнсах”, — адзначыла аўтар.
Паводле яе назірання, бачанне “беларускіх” могілак у гэтых дзвюх груп крыху адрозніваецца, але супольнай ёсць прага да ўшанавання Дзядоў і Вялікадня.
Даследчыца абвесціла збор на выданне кнігі.
“Ужо зараз па суме збору і па размовах з мясцовымі бачна: 100 кніг дакладна будзе выдадзена. Людзі літаральна кажуць: “Кніга патрэбная, як толькі — падкінем грошай”. У ідэале планую выдаць 200 асобнікаў. Калі будзе цікавасць — дадрукаваць яшчэ”, — паведаміла Сямашка.
Для папулярызацыі выдання, адзначыла яна, ужо маюцца дамоўленасці: адкрыты занятак для студэнтаў накірунку “Беларуская этнафілалогія” ва Універсітэце Беластока і падобная сустрэча ў Музеі малой бацькаўшчыны ў Студзіводах. “Пару парад па фінансаванні даў дарадца маршалка Падляшскага ваяводства па нацменшасцях, над гэтым зараз працую. Ён таксама паабяцаў дапамагчы з арганізацыяй прэзентацыі кнігі ў галоўнай залі Падляшскай бібліятэкі ў Беластоку”, — паведаміла Сямашка.
Паводле яе слоў, сам збор сродкаў “запусціў вельмі цікавую і карысную камунікацыю з мясцовымі беларусамі Падляшша, таму ідэя пра кнігу разыходзіцца і спараджае дамоўленасці па прэзентацыях у Бельску Падляшскім, Гайнаўцы, Гарадку, Міхалове, Белавежы”.
У Беларусі Сямашка запачаткавала кніжную серыю “Гістарычныя могілкі Беларусі”. У яе межах і на падставе шматгадовай працы на тэрыторыі могілак у Ракаве і Плябані былі выдадзеныя дзве кнігі — “На “панскіх” могілках Плябані” (2013) и “Невядомы Ракаў: Могілкі пад базыльянскім крыжам” (2014). Таксама яна двойчы вяла панель некрапалістыкі на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі (2014, 2015).
“Попыт на гэтыя кнігі існуе і да сёння. Перыядычна мне пішуць людзі з Беларусі з пытаннем, дзе іх можна набыць”, — паведаміла аўтар.
Адказваючы на пытанне “Позірку”, ці няма пагрозы пашкоджання могілак беларусаў у Польшчы ў адказ на знішчэнне польскіх могілак беларускімі ўладамі, Сямашка адзначыла, што падобных наўмысных дзеянняў адносна могілак беларусаў на сёння не зафіксавана і нават цяжка сабе ўявіць. “Аднак варта ўлічваць гістарычны кантэкст ХХ стагоддзя на Падляшшы, які меў старонкі “пацыфікацыі” беларускіх вёсак (справа так званага Бурага). Большасць магіл беларусаў падпісаная на расійскай мове, якая для мясцовых азначае мову царквы. Афіцыйнае падпісванне магіл як магіл беларусаў (кшталту “Беларускі паэт”) ці на беларускай мове, пачалося толькі напрыканцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, калі беларуская меншасць набрала культурнай вагі, атрымала свае садок, школу і літаратурную плынь”, — звярнула ўвагу даследчыца.
Пры гэтым, паводле яе слоў, ідэнтыфікацыя магіл на Падляшшы часта адбываецца менавіта як “польскіх” пахаванняў, калі адсутнічаюць дадатковыя сродкі абазначэння (стужкі з нацыянальнай сімволікай на помніку, ручнікі на крыжах, агароджа па перыметры пахавання, пазначаная прыналежнасць да праваслаўнага веравызнання).
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская ў Інсбруку заклікала Еўропу інвеставаць ў беларускія незалежныя СМІ, праваабарончыя і культурніцкія ініцыятывы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка



