Мінск 20:06

Абсталяванне некаторых каледжаў зношанае на 100% — праверка пракуратуры

Ілюстрацыйнае фота: stankos.ru

5 лістапада, Позірк. Абсталяванне некаторых прафесійных каледжаў зношанае на 100%, паведаміла 5 лістапада Генеральная пракуратура па выніках праверкі працы ўстаноў, у якіх навучанне вядзецца паводле праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Згодна з інфармацыяй нагляднага органа, у кожным чацвёртым каледжы для вытворчага навучання выкарыстоўвалася састарэлае і няспраўнае абсталяванне, былі ў недастатковай ступені абсталяваныя майстэрні і лабараторыі.

Напрыклад, у Мінскім гарадскім машынабудаўнічым каледжы станкі для апрацоўкі металу эксплуатаваліся звыш 40 гадоў. У Дзяржынскім дзяржаўным каледжы (Мінская вобласць) стопрацэнтны знос мела 83,8% абсталявання — 165 з 197 адзінак (зварачны апарат, наждачна-шліфавальны станок, кампрэсар ды інш.). Ва Уздзенскім дзяржаўным каледжы з гранічным зносам былі ўсе дзевяць зварачных агрэгатаў.

Пракуроры канстатавалі “непрыняцце мер па рэалізацыі сацыяльнай абароны ў сферы аховы жыцця і здароўя навучэнцаў, выдзяленні ім жылых памяшканняў у інтэрнатах, а таксама кампенсацыі ў бюджэт сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку спецыялістаў”.

Адзначаецца, што каледжы, іх заснавальнікі і Міністэрства адукацыі пры фармаванні кантрольных лічбаў прыёму не ў поўнай меры ўлічвалі патрэбы арганізацый — замоўшчыкаў кадраў у спецыялістах, якія павінны забяспечвацца заяўкамі і дагаворамі аб узаемадзеянні.

Колькасць месцаў для навучэнцаў не была павялічаная да гранічнай колькасці, хаця такая магчымасць была. Напрыклад, пры наяўнасці заявак ад арганізацый Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж (Мінская вобласць) два гады не рабіў набор на спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, спасылаючыся на падрыхтоўку такіх спецыялістаў у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Пры гэтым апошні попыт арганізацый цалкам не задавальняў — з 47 заявак на падрыхтоўку кадраў для будаўнічай галіны прынята да выканання толькі 31.

Паводле даных пракуратуры, высветленыя факты, калі каледжы краіны не рабілі належныя захады па вяртанні ў бюджэт сродкаў, выдаткаваных на навучанне рабочых і спецыялістаў, што ўхіліліся ад абавязковай працы на падставе размеркавання. У сваю чаргу наймальнікі ў шэрагу выпадкаў неабгрунтавана адмаўляліся прымаць на працу выпускнікоў і пазапраўна звальнялі маладых спецыялістаў, а ўстановы адукацыі пры гэтым нічога не рабілі, каб у такіх сітуацыях спагнаць з арганізацый сродкі.

Акрамя таго, высветленыя факты, калі ў інтэрнатах каледжаў не выконваліся санітарныя і супрацьпажарныя нормы і правілы, для вучняў не ствараліся належныя бытавыя ўмовы. Напрыклад, толькі пасля ўмяшання Генпракуратуры ў інтэрнаце Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа замянілі пліты для прыгатавання ежы, якія не працавалі больш як паўгода.

Выяўленыя таксама недагляды пры арганізацыі медыцынскай дапамогі навучэнцам. Яны звязаныя з адсутнасцю медработнікаў на працоўных месцах, неналежнай абсталяванасцю медпунктаў, выкарыстаннем лекаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці (45 каледжаў).

Па выніках праверкі Генпракуратура паведаміла Савету міністраў, што неабходна скарэктаваць працу ўстаноў прафесійнай адукацыі. Наглядны орган прапанаваў “зрабіць канкрэтныя захады па паляпшэнні іх узаемадзеяння з наймальнікамі для вырашэння пытанняў умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчэння сучасным абсталяваннем навучальна-вытворчых майстэрняў прадпрыемстваў, а таксама па выпраўленні іншых парушэнняў”.

Падзяліцца: