Мінск 21:02

БАЖ: У Малдову не пусцілі беларускага блогера і актывіста Дзмітрыя Грынкевіча

Дзмітрый Грынкевіч
Фота: фэйсбук-акаўнт журналіста Андрэя Мялешкі

7 лістапада, Позірк. У Малдову не пусцілі беларускага блогера і актывіста Дзмітрыя Грынкевіча, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

“У пакоі для дэпартаваных асобаў у аэрапорце Кішынёва аўтар ютуб-канала “ЗУХ Zmicier” <…> правёў амаль суткі. Уначы з 6 на 7 лістапада супрацоўнікі памежнай службы адправілі яго самалётам у Ерэван, адкуль ён прыбыў у Малдову”, — гаворыцца ў рэлізе.

Грынкевіч жыве ў Арменіі ад траўня. Да гэтага ён жыў два гады ў Батумі, але паўгады таму па вяртанні з чарговага візарану (кароткатэрміновы выезд з краіны з мэтай абнулення тэрміну бязвізавага знаходжання праз паўторны ўезд) яго не ўпусцілі назад у Грузію.

Блогеру ўручылі дакумент аб забароне на ўезд па “іншых прычынах”, нагадвае БАЖ.

Грынкевіч лічыць, што сапраўднай падставай для забароны ўезду ў Грузію стала яго актыўнасць: “У сваім блогу я здымаў акцыі грузінскай апазіцыі, беларускія акцыі”.

“У Грузіі візаран трэба рабіць раз на год, у Арменіі — раз на паўгода. З візай у еўрапейскую краіну пакуль не атрымліваецца. Таму паляцеў у Малдову. Пасля прызямлення мяне затрымалі супрацоўнікі памежнай службы і адвялі на допыт”, — цытуе яго БАЖ.

“У прынцыпе, як я потым даведаўся з тэлеграм-чату “Беларусы Малдовы”, да беларусаў, якія зараз прылятаюць у Малдову, стаўленне аднолькавае — доўгая праверка і, па магчымасці, адпраўка назад. Можна назваць дыскрымінацыяй па пашпарце, але малдоўскія службы можна і зразумець: пад бокам вайна ва Ўкраіне, Прыднястроўе, а Беларусь — саюзніца Расіі”, — дадаў актывіст.

Паводле блогера, яму “не далі ніякіх папер, нічога не тлумачылі, проста завялі ў дэпартацыйны пакой і сказалі чакаць рашэння”: “Стаўленне — карэктнае, можна карыстацца тэлефонам, схадзіць у буфет”.

Цягам дня да сітуацыі падключыўся Офіс дэмлідара Святланы Ціханоўскай, адзначае БАЖ, але “на рашэнне малдоўскіх памежнікаў гэта не паўплывала”.

“Уначы мяне пасадзілі на самалёт да Ерэвана, сказалі, што не ставяць у пашпарт адзнаку пра дэпартацыю, рашэнне прынята з фармулёўкай “няпропуск у Малдову”. Але армянскія памежнікі сказалі мне, што ў базе пазначана мая дэпартацыя з Малдовы”, – дадаў Грынкевіч.

Паводле блогера, ніякіх афіцыйных папер яму не далі і не зачытвалі, а ў прыватнай размове малдоўскія памежнікі “адкрыта сказалі яму, што беларусы — непажаданыя асобы ў Малдове, правяраюць і дапытваюць усіх”.

Беларусь адзначае 7 лістапада "разам з Прыднястроўем" — дзяржСМІ

7 лістапада, Позірк. Сайт газеты "СБ. Беларусь сегодня" (заснавальнік — Адміністрацыя прэзідэнта) адзначыў непрызнанае Прыднястроўе як саюзніка Мінска ў святкаванні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. У матэрыяле аб ускладанні кветак да помніка Леніна на пл. Незалежнасці ў Мінску з удзелам за аўтарствам …
Падзяліцца: