Мінск 15:52

У студзені — кастрычніку МАЗ прадаў на расійскім рынку на 20,4% менш новых аўтобусаў, чым годам раней

Ілюстрацыйнае фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

12 лістапада, Позірк. У кастрычніку 2025 года на расійскім рынку рэалізавана 96 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — у 2,6 разы больш, чым годам раней (27), сведчаць прааналізаваныя “Позіркам” даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі расійскія вытворцы ПАЗ — 513 (-9,7%), ЛіАЗ — 182 (+11,3%), а таксама кітайскі YUTONG — 146 (-44,7%).

За дзесяць месяцаў гэтага года на рынку РФ рэалізавана 288 аўтобусаў МАЗ (362; -20,4%).

Агулам за 2024 год МАЗ рэалізаваў у РФ 504 адзінкі гэтай тэхнікі (у 2023-м — 925; -45,5%) — 9-е месца (доля 2,6%).

Лідарамі продажаў летась былі аўтобусы ПАЗ (8.114; +26,3%), ЛіАЗ (2.889; +63,2%) і Yutong (2.215; +6,2%).

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім” і “Беллеспаперапрам” не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта, як паведамляла беларуская амбасада ў Маскве, ішла размова 10 верасня на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.

“Нягледзячы на ​​дадатную дынаміку тэмпаў росту экспарту, адзначаныя негатыўныя тэндэнцыі па асобных таварных групах, невыкананне экспартных заданняў асобнымі дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі”, — гаварылася ў паведамленні.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдаткаваныя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка 2024 года на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя ўступае аналагам як у цане, так і ў якасці”.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху ў РФ і Беларусі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні такі выпадак, пра які пісалі СМІ, быў зафіксаваны ў Самары 9 кастрычніка. Да гэтага аўтобусы гарэлі: 5 ліпеня ў — Іркуцку, 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгарання пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка 2024 года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правіл эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не скасоўваў”.

12 студзеня 2025 года расійскае інтэрнэт-СМІ “Фантанка” апублікавала інтэрв’ю з кіраўніком камітэта па транспарце мэрыі Санкт-Пецярбурга Валянцінам Енакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што “пасля першых інцыдэнтаў з узгараннямі” МАЗу “было дадзенае даручэнне” з боку віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга. Чыноўнік сцвярджаў, што беларускае прадпрыемства вырашыла праблему.

Падзяліцца: