Мінск 19:02

У гадавіну гібелі Рамана Бандарэнкі дыпмісіі ЕС і шэрагу краін заклікалі беларускія ўлады да спынення рэпрэсій

Ілюстрацыя: "Позірк"

12 лістапада, Позірк. Звароты ў сувязі з пятай гадавінай з дня гібелі актывіста Рамана Бандарэнкі размясцілі 12 лістапада акрэдытаваныя ў Беларусі дыпмісіі шэрагу заходніх дзяржаў.

“Прайшло 5 гадоў з дня гібелі рамана Бандарэнкі пры трагічных абставінах. Да цяперашняга часу не праведзена празрыстае расследаванне, вінаватыя не прыцягнутыя да адказнасці. Мы захоўваем памяць пра раман і заклікаем спыніць рэпрэсіі, накіраваныя супраць мірных грамадзян“, — гаворыцца ў звароце, распаўсюджаным, у прыватнасці, акрэдытаванымі ў Мінску дыпмісіямі Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літвы, Фінляндыі, Францыі, Швецыі.

Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зрэзалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Пераменаў“ (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Мужчына памёр на наступны дзень не прыходзячы ў прытомнасць. Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна зняпраўдзіла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і лекара Арцёма Сарокіна, які падаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. За разгалашэнне медычнай таямніцы Барысевіч была асуджаная на 6 месяцаў пазбаўлення волі (выйшла 19 траўня 2021 года), Сарокін — да 2 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду на год.

15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Пераменаў“ былі затрыманыя журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) і аператар Дар’я Чульцова, якія вялі для тэлеканала “Белсат“ прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі асуджаныя на 2 гады пазбаўлення волі за “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак“ (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю і з’ехала з краіны).

18 лютага 2021 года Генеральная пракуратура паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча“ (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена“. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне“з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.

У жніўні 2022 года ініцыятыва “Кіберпартызаны” апублікавала запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава (цяпер сябра Савета Рэспублікі) і тайбаксёра Дзмітрыя Шакуты пра паездку на “плошчу Пераменаў” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а затым — пра абставіны смерці мужчыны. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.

Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры адабрэнні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі“.

Падзяліцца: