Мінск 21:18

Прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем” сайт Plan B. заявіў аб працягу працы ў ранейшым рэжыме

13 лістапада, Позірк. Статус “экстрэмісцкага фармавання“ “не мяняе нічога” для чальцоў каманды Plan B., гаворыцца ў каментары на сайце гэтага СМІ.

“Мы працягнем працаваць для вас гэтак жа, як і раней. Аднак, калі вы чытаеце нас з Беларусі, лепш не падпісвацца на нашы сацсеткі“, — заклікала рэдакцыя.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў Plan В. (planbmedia.io) “экстрэмісцкім фарміраваннем” 5 лістапада, вынікае з абноўленага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Датычнымі да “фарміравання” названыя Вольга Лойка, Андрэй Махоўскі і Дзмітрый Смірноў, у спіс унесены сайт СМІ, а таксама яго старонкі ў сацсетках.

Plan B. — аўтарскі праект, заснаваны ў чэрвені 2023 года былой палітзняволенай, экс-рэдактарам разгромленага ўладамі партала tut.by Вольгай Лойка.

24 ліпеня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт planbmedia.io, яго старонак у сацыяльных сетках, месенджарах і на відэахостынгу “Ютуб“. “Экстрэмісцкім“ быў прызнаны таксама лагатып сайта ў выглядзе надпісу “Plan В” белымі літарамі на чорным фоне.

26 красавіка 2025 года Лойка, якая знаходзіцца за мяжой, была ўключаная ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці“. Яна таксама знаходзіцца ў спісе “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

17 чэрвеня 2025 года сайт Plan B. быў заблакаваны ў Беларусі.

Падзяліцца: