Мінск 12:16

Міліцыя адсправаздачылася пра затрыманне дзвюх асоб, якія за гады завалодалі маёмасцю 27 суб’ектаў гаспадарання

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

14 лістапада, Позірк. Пра затрыманне дзвюх асоб, якія, як сцвярджаецца, за чатыры з паловай гады незаконна завалодалі маёмасцю 27 суб’ектаў гаспадарання (у тым ліку дзяржаўных) на суму не менш як 1,2 млн рублёў, адсправаздачылася Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, гаворка пра затрыманых супрацоўнікамі ГУБАЗіК 66-гадовай прадпрымальніцы, якая раней была судзімая за хабарніцтва, і яе 37-гадовага кіроўцу, які адбыў пакаранне за падвойнае забойства і незаконны абарот наркотыкаў.

Злачынныя дзеі, якія цяпер ставяцца ім у віну, як сцвярджае ведамства, учыняліся са снежня 2019 года па чэрвень 2024-га.

“Зламыснікі падманным шляхам набывалі тавары ў вытворцаў з умовай адтэрміноўкі плацяжу, аднак свае абавязацельствы не выконвалі. Тавар прыбываў на склады фігуранткі, а потым збываўся без дакументальнага афармлення”, — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што крадзеж “прыкрываўся ўяўнымі здзелкамі аб сустрэчных пастаўках неліквіднага тавару”.

Атрыманыя такім чынам сродкі, паводле звестак ведамства, жанчына марнавала ў казіно.

Сцвярджаецца, што ў злачынных схемах яна выкарыстоўвала “шэсць падкантрольных фірм, чаргуючы іх у здзелках”. “У якасці падстаўных кіраўнікоў выступалі блізкія да яе асобы, а таксама кіроўца”, — сцвярджае МУС.

Прадпрымальніца і яе кіроўца ўзятыя пад варту. Следчы камітэт распачаў чатыры крымінальныя справы за “махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры”. Фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

4 лістапада паведамлялася пра затрыманне “блогераў-аферыстаў”. 17-гадовы жыхар Гродна і “яго 37-гадовая сужыцелька” збіралі сродкі на лячэнне цяжкахворага дзіцяці, аднак з сабраных 1,5 млн рублёў толькі 200 тыс. аддалі маці дзіцяці.

Падзяліцца: