Мінск 15:51

У Літве затрыманыя падазраваныя ў паветранай кантрабандзе беларускіх цыгарэт — тыя, што раней уцяклі ад памежнікаў

Фота: САДМ Літвы

15 лістапада, Позірк. Трое асоб, якія падазраюцца ў сувязі з кантрабандай беларускіх цыгарэт з дапамогай паветраных шароў, затрыманыя 13 лістапада ў розных месцах Шальчынінскага раёна Вільнюскай акругі Літвы, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай балтыйскай дзяржавы.

Паводле інфармацыі ведамства, двое з іх — мужчыны, у якіх на пачатку месяца атрымалася збегчы ад памежнікаў.

Як паведамляў Позірк, 4 лістапада на дарозе ля вёскі Спенгла (Варэнскі раён Алітускай акругі; мяжуе з Гродзенскім і Воранаўскім раёнамі Гродзенскай вобласці) памежнікі паспрабавалі спыніць два аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй, якія ехалі адзін за адным. Адзін з іх — “Аўдзі А6” — спыніўся, другі — “Шкода Актавія” — павялічыў хуткасць і памчаўся далей.

Пасля непрацяглай пагоні “Шкода” павярнула на поле, дзе атрымала пашкоджанні і не змагла працягваць рух. Двое мужчын, якія знаходзіліся ўнутры, уцяклі ў бок лесу. У багажніку кінутага аўтамабіля памежнікі знайшлі 12 кардонных скрынь з лагатыпамі тытунёвай фабрыкі “Нёман”, у якіх агулам было 6 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт NZ Gold.

Двое жыхароў Шальчынінскага раёна (29 і 30 гадоў), якія былі ў спыненым “Аўдзі”, затрыманыя і пасля ўзятыя пад арышт на месяц, а таксама затрыманыя 13 лістапада ўцекачы і яшчэ адзін грамадзянін, паводле здагадкі памежнай службы, дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы.

Крымінальнае ўпраўленне САДМ працягвае расследаванне па факце “незаконнага абарачэння падакцызных тавараў і кантрабанды”.

Ад пачатку 2025 года літоўскія памежнікі затрымалі 107 асоб, якія падазраюцца ў сувязі з паветранай кантрабандай з Беларусі (у 2024-м — 46).

Паводле інфармацыі пагранведамства, сёлета перахоплена 1,3 млн пачкаў кантрабандных цыгарэт, дастаўленых у Літву з Беларусі з дапамогай дронаў і аэрастатаў. Агулам ў 2025-м супрацоўнікі САДМ вынялі 4 млн пачкаў нелегальных тытунёвых вырабаў.

Напрыканцы мінулага месяца Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідвання цыгарэт. Рэагуючы на ​​гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

Праз пастрожанне правіл перасячэння мяжы ў Беларусі захрасла крыху менш за 1,3 тыс. літоўскіх фур. Улады ў Вільнюсе паспрабавалі ўгаварыць рэжым Лукашэнкі дазволіць грузавікам вярнуцца на літоўскую тэрыторыю праз “эвакуацыйны калідор”, але Мінск адмовіўся да адкрыцця мяжы з боку Літвы.

Пакуль сітуацыя не вырашаная, беларускія ўлады распарадзіліся змясціць літоўскія грузавікі на стаянкі ля пунктаў пропуску і арганізаваць ахову транспарта — платную. Пры гэтым кіроўцы вольныя вярнуцца ў Літву.

11 лістапада Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову арганізаваць перамовы па пытаннях “нармалізацыі сітуацыі і аднаўлення паўнавартаснага функцыянавання пунктаў пропуску”. На наступны дзень прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене пацвердзіла, што прапанова Мінска пра перамовы атрыманая.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што можна “паспрабаваць урэгуляваць сітуацыю на непалітычным узроўні”, на ўзроўні памежнікаў. Кіраўнік МЗС Кястуціс Будрыс паслядоўна выступае супраць перамоў “на ўмовах Мінска”.

14 лістапада прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што знешнепалітычнае ведамства вітае прапанову, што паступіла ад літоўскага боку, правесці на пачатку наступнага тыдня сустрэчу на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў памежных службаў па пытанні барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю.

Паводле яго слоў, гэтая ініцыятыва “цалкам сугучная тым крокам, якія Мінск прапаноўваў Вільнюсу на працягу апошніх гадоў: узаемадзеянне ў галіне аховы і кантролю перасячэння дзяржаўнай мяжы”.

Аднак, на думку Варанкова, “такое ўзаемадзеянне не вырашае пытання адкрыцця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўлення праз іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў”.

“Яшчэ раз падкрэсліваем, што з улікам комплекснага характару гэтага пытання яго вырашэнне магчымае толькі на палітыка-дыпламатычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы ды іншых дзяржаў, уключаючы ЕС. Беларускі бок да гэтага гатовы. Але існуе і іншы, больш просты варыянт, які не прадугледжвае перамоў: літоўскі бок можа проста скасаваць сваё аднабаковае рашэнне пра закрыццё мяжы”, — заявіў прадстаўнік МЗС.

Падзяліцца: