Мінск 10:02

Лукашэнка хоча “пашырыць гарызонты супрацоўніцтва” з Манака

Ілюстрацыйнае фота: Julien Lanoy / unsplash.com

19 лістапада, Позірк. Маючае адбыцца ў наступным годзе 10-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Манака з’яўляецца “прыдатным момантам, каб надаць новы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 19 лістапада князя Альбера II з нацыянальным святам.

На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, бакі могуць “знайсці шляхі рэалізацыі канкрэтных праектаў у гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама пашырыць гарызонты супрацоўніцтва ў сферах культуры, навукі, спорту, аховы навакольнага асяроддзя і турызму”.

Ён падкрэсліў, што “сёння, калі свет перажывае складаныя выпрабаванні і канфлікты, асаблівую каштоўнасць набываюць дыялог, паразуменне і павага паміж народамі”.

Лукашэнка адзначыў, што “пры добрай волі і ўзаемнай зацікаўленасці атрымаецца зрабіць больш для ўмацавання дружалюбных сувязяў паміж Беларуссю і Манака”.

У аналагічным леташнім пасланні ён прапаноўваў “выкарыстоўваць існуючыя магчымасці і напоўніць канкрэтным зместам двухбаковыя адносіны ў гандлёва-эканамічнай сферы, галінах навукі, культуры, экалогіі, спорту і турызму”.

“Мы самі выбіраем свой шлях з разуменнем неабходнасці сумесна развіваць агульныя ідэі, ствараць новыя праекты і закладваць аснову для плённага супрацоўніцтва ў перспектыве”, — адзначалася ў пасланні.

Сумеснае камюніке аб усталяванні дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Манака было падпісанае 15 красавіка 2016 года ў беларускай амбасадзе ў Францыі. Княства стала 175-й дзяржавай, з якой Беларусь усталявала дыпламатычныя стасункі.

Інфармацыі пра ўзаемны гандаль Беларусі і Манака ў адкрытым доступе няма.

Манака месціцца на поўдні Еўропы — на беразе Лігурыйскага мора, на сушы мяжуе з Францыяй. З’яўляецца адной з самых маленькіх і найболей густанаселеных краін свету. Княства шырока вядомае сваім казіно ў Монтэ-Карла і этапам чэмпіянату Формулы-1 “Гран-пры Манака”, які праводзіцца на гарадскіх вуліцах гэтай адміністрацыйнай адзінкі.

Манака — шматнацыянальная дзяржава з шырокай этнакультурнай, рэлігійнай, расавай і нацыянальнай разнастайнасцю. З’яўляецца членам міжнародных арганізацый: ААН (з 1993 года), АБСЕ, Савета Еўропы (з 2004-га), Інтэрпола, ЮНЕСКО, СААЗ.

Не з’яўляючыся членам Еўрапейскага саюза і НАТО, Манака эканамічна шчыльна звязанае з ЕС — праз мытны саюз з Францыяй. Плацежным сродкам у краіне з’яўляецца еўра.

Падзяліцца: