Мінск 17:49

Ціханоўская: Я вітаю рашэнне Літвы аднавіць працу пунктаў пропуску

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

19 лістапада, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне Літвы датэрмінова аднавіць працу памежных пунктаў пропуску.

“Адкрытыя межы пашыраюць магчымасці беларусаў і беларусак свабодна перасоўвацца, падтрымліваць сямейныя сувязі і заставацца адкрытымі да Еўропы. Мы працягваем працаваць з Еўрапейскім Саюзам, каб беларусы мелі магчымасць атрымліваць шматразовыя шэнгенскія візы і каб наш статус не быў прыраўняны да грамадзянаў Расіі”, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале.

Для захавання адкрытых межаў важна, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніў правакацыі і не ізаляваў Беларусь ад суседзяў, дадала яна.

19 лістапада стала вядома, што Літва адкрывае мяжу з Беларуссю — такое рашэнне прынята на пасяджэнні Кабінета міністраў балтыйскай краіны.

Інфармагенцтва BNS паведаміла, што праца пунктаў пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) і Мядзінінкай (Каменны Лог) “адновіцца з чацвярга”.

18 лістапада прэм’ер-міністр Інга Ругінене адзначыла, што апошнім часам маштаб выкарыстання паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі, што было падставай для закрыцця мяжы, знізіўся. Палітык адзначыла, што адкрыццё мяжы дазволіць вярнуцца ў Літву фурам з літоўскай рэгістрацыяй, падкрэсліўшы пры гэтым права Вільнюса “зусім не адкрываць памежныя пункты або ў любы момант зноў іх закрыць, калі яны будуць адкрытыя”.

У канцы кастрычніка Літва сутыкнулася з неаднаразовым масавым прылётам з Беларусі паветраных шароў і метэазондаў, якія выкарыстоўваюць кантрабандысты для перакідання цыгарэт. Рэагуючы на гэта, Вільнюс некалькі разоў часова закрываў пункты пропуску, а 29 кастрычніка літоўскі ўрад вырашыў закрыць іх на больш працяглы тэрмін — да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня па мінскім часе) з магчымасцю падаўжэння.

У адказ урад Беларусі 31 кастрычніка прыняў пастанову № 599 “Аб прымяненні спецыяльнай абмежавальнай меры”, якой забараніў зарэгістраваным у Літве грузавым аўтамабілям, цягачам, прычэпам і паўпрычэпам праязджаць праз усе пункты пропуску, за выключэннем літоўскіх.

У выніку сітуацыі, якая склалася, у Беларусі затрымалася прынамсі 1,3 тыс. літоўскіх грузавікоў, якія ўлады ў Мінску распарадзіліся змясціць на стаянкі — пад платную ахову.

Вільнюс беспаспяхова паспрабаваў вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве альбо адмяніць рашэнне аб закрыцці мяжы, альбо выйсці на палітыка-дыпламатычнае вырашэнне праблемы.

17 лістапада аднавілі працу пункты пропуску Кузніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) на польска-беларускай мяжы.

Пункт пропуску Баброўнікі Польшча закрыла ў лютым 2023 года пасля прысуду актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, палітвязню журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі), Кузніцу — у лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс.

Падзяліцца: