Кардынал Гуджэроцці пра дыялог з Мінскам: Тэхніка “не размаўляю з табой, не бачу цябе” не прыносіць плёну

21 лістапада, Позірк. Тэхніка “не размаўляю з табой, не бачу цябе, не плачу табе, не дасылаю тавары” — гэта “сістэма, якая не прыносіць плёну”, заявіў прэфект дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў, былы апостальскі нунцый у Беларусі кардынал Клаўдыё Гуджэроцці ў інтэрв’ю Vatican News.
Такім чынам каталіцкі іерарх адказаў на пытанне пра будучыню дыялогу паміж Беларуссю і Святым пасадам пасля вызвалення святароў-палітвязняў — ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча.
Паводле слоў Гуджэроцці, згаданая ім тэхніка “вядзе толькі да абвастрэння нянавісці, а нянавісць не знікае нават праз гады”.
Кардынал “цвёрда перакананы”, што правільным рэцэптам як у міжасабовых стасунках, так і ў палітыцы, з’яўляецца “заўсёдная гатоўнасць да сустрэчы і дыялогу”.
“Я прабыў у Беларусі шмат гадоў (узначальваў дыппрадстаўніцтва ў 2011–2015 гадах. — “Позірк”.) і меў шмат магчымасцяў для сустрэч з грамадзянскімі ўладамі, у тым ліку з прэзідэнтам у далікатныя моманты, — сказаў ён. — Казаць рэчы наўпрост, на маю думку, заўсёды фундаментальна, і казаць іх сам-насам замест таго, каб рабіць гэта праз прэсу, — найлепшы спосаб, бо людзі могуць папрасіць удакладненняў, не адчуваючы сябе пакрыўджанымі. Можна сказаць што заўгодна, але трэба казаць гэта ад чалавека да чалавека, з павагай. Гэта не азначае згоду ва ўсім, але размаўляць і ставіцца адзін да аднаго, як да людзей, з годнасцю і павагай — наш першы абавязак і першая рыса папскай дыпламатыі”.
Згадаўшы сваю кастрычніцкую сустрэчу с Аляксандрам Лукашэнкам, Гуджэроцці адзначыў, што размова ішла пра каталіцкі касцёл у Беларусі, у тым ліку пра такія праблемныя пытанні, як сітуацыя з мінскім Чырвоным касцёлам ды інш.
“Прэзідэнт слухаў вельмі ўважліва, даў мне некаторыя адказы, і я вельмі ўдзячны яму за тое, што ён мяне выслухаў, і за тое, што ён мне сказаў. Спадзяюся, што мы зможам прыйсці да рашэння, пажаданага для католікаў Беларусі, як мяне запэўнілі”, — заявіў каталіцкі іерарх.
Кажучы пра патэнцыйны візіт пантыфіка ў Беларусі, кардынал прызнаў, што гэта будзе няпроста: “Зразумела, гэта трэба разглядаць у больш шырокім міжнародным кантэксце, які залежыць не толькі ад папы і не толькі ад прэзідэнта. Але гатоўнасць да сустрэчы намі заўсёды цэніцца”.
“Прэзідэнт запэўніў мяне, што, на яго погляд, візіт папы пайшоў бы на карысць беларускаму народу і што ён зробіць усё магчымае, каб гэта адбылося, — заявіў Гуджэроцці. — Такім чынам, існуе сапраўдны інтарэс. Відавочна, патрабуецца пасрэдніцтва і абмеркаванне: як гэта будзе адбывацца, цяжка прыдумаць звонку. Папа ніколі не паедзе ў месца, дзе яго прыезд створыць падзел. Гэта святы прынцып: папа едзе туды, дзе народ можа атрымаць карысць, а не для таго, каб распальваць супрацьстаянне. Трэба стварыць умовы, каб усе былі перакананыя ў аб’ектыўнай каштоўнасці візіту на карысць народа, а не для нейкай адной “званіцы”. Гэта праца, якую трэба зрабіць. Ці будзе поспех адразу ці заўтра? Мы не ведаем”.
Пра вызваленне Акалатовіча і Юхневіча стала вядома 20 лістапада з паведамлення прэс-службы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). З яго вынікала, што гэтаму паспрыяў нядаўні візіт Гуджэроцці ў Беларусь і сустрэча з Лукашэнкам. Цяпер вызваленыя святары знаходзяцца ў Ватыкане.
Ад пачатку восені 2020 года па 25 верасня 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 91 хрысціянскі служыцель, у тым ліку прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі — 35, Беларускай грэка-каталіцкай царквы — 5, а таксама адзін замежны манах — польскі кармеліт Гжэгаж Гавел.
Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаРэжым у Беларусі выглядае моцным, але знутры ён пусты — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–20 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка



