Мінск 14:12

Зазулінская пра вызваленне 31 грамадзяніна Украіны: Добра, што люді, якія знаходзіліся ў закладніках, цяпер на шляху дадому

Вольга Зазулінская
Архіўнае фота: прэс-служба АПК

22 лістапада, Позірк. Вызваленне і перадача Украіне яе 31 грамадзяніна сталася магчымай дзякуючы міжнародным перамовам з ўдзелам ЗША — працэсу, які “нарадзіўся не раптоўна”, заявіла 22 лістапада прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Зазулінская.

“На працягу апошніх гадоў дэмакратычныя сілы Беларусі, у тым ліку Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы вялі паслядоўную адвакатыўную працу, даносілі свету інфармацыю пра палітвязняў, арганізоўвалі камунікацыю з партнёрамі і рыхтавалі глебу для такіх рашэнняў, — цытуе прадстаўніцу палітычнай структуры прэс-служба АПК. — Мы пакуль не маем пацверджаных звестак, колькі сярод гэтых 31 чалавек з’яўляюцца палітзняволенымі. У любым выпадку, людзі знаходзіліся ў закладніках рэжыма, і добра, што яны цяпер на шляху дадому. Кожнае вызваленае жыццё — гэта важны вынік і для чалавека, і для яго сям’і”.

Разам з тым, падкрэсліла Зазулінская, у Беларусі “па-ранейшаму за кратамі каля 1.300 палітвязняў — паводле даных праваабаронцаў”, гэта “толькі тыя, пра каго вядома”. У сувязі з гэтым прадстаўніца АПК паўтарыла патрабаванні дэмсіл: “Ппалітычныя рэпрэсіі павінны быць спыненыя. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя. Вызваленне павінна адбывацца не выбарачна, а сістэмна і празрыста”.

“Мы працягваем працу з міжнароднымі партнёрамі, каб тэма палітвязняў заставалася на парадку дня, каб вызваленні не былі разавымі, і каб кожны наступны крок быў хутчэйшым, чым папярэдні. Мы чакаем дня, калі на волю выйдуць усе. І прыкладаем намаганні, каб гэты дзень стаў рэальнасцю як мага хутчэй”, — падсумавала Зазулінская.

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, што “здзейснілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі” Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант.

Паводле яе слоў, рашэнне прынятае “ў развіццё дасягнутых дамоўленасцей” з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, “на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэння ўмоў для ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве”.

“Вось літаральна цяпер, у гэтыя хвіліны, адбываецца перадача іх украінскаму боку”, — сказала Эйсмант.

Лукашэнка, заявіла яго прэс-сакратар, “паступальна выступае за стабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне, наладжванне дыялогу паміж усімі дзяржавамі і вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў выключна мірным шляхам”.

“Перагаворы з рознымі краінамі і, перш за ўсё, Злучанымі Штатамі Амерыкі цяпер знаходзяцца ў актыўнай фазе. Мы заўсёды казалі і кажам — Рэспубліка Беларусь адкрытая да дыялога і гатовая разглядаць прапановы ўсіх зацікаўленых бакоў”, — падкрэсліла яна.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: