Мінск 16:06

Палата прадстаўнікоў прыняла праект закона пра бюджэт ФСАН на 2026 год з прафіцытам у 519 млн рублёў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 24 лістапада прыняла ў двух чытаннях праект закона аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) на 2026 год.

Паводле інфармацыі прэс-службы ніжняй палаты парламента, даходная частка бюджэту фонду сфармаваная ў памеры 39 млрд 14,4 млн рублёў, выдатковая — 38 млрд 495,4 млн рублёў, прафіцыт — 519 млн рублёў.

Як адзначае прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, асноўнай крыніцай даходаў (92,5%) з’яўляюцца “ўнёскі на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, якія складуць 36,1 млрд рублёў”.

Кіраўніца ведамства Наталля Мядзведзева заявіла, што асноўную частку (80,8%) бюджэту фонду “плануецца накіраваць на фінансаванне пенсій — 31,1 млрд рублёў”.

Чыноўніца паведаміла, што сярэдні памер пенсіі на падставе ўзросту для непрацоўных пенсіянераў у 2026 годзе “працягне рост — павялічыцца на 14,5% і складзе каля 1,1 тыс. рублёў”.

Значныя сродкі (18,2%) будуць накіраваныя на “выплату дапамог, найперш сямейных — амаль 7 млрд рублёў, з якіх 3,7 млрд рублёў пойдзе на падтрымку сем’яў з дзецьмі” (9,6%).

Аляксандр Лукашэнка 3 снежня 2024 года падпісаў закон аб бюджэце ФСАН на 2025-ы (Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў двух чытаннях 31 кастрычніка, Савет Рэспублікі ўхваліў 18 лістапада).

Даходы бюджэту ФСАН тады былі зацверджаныя ў суме 32 млрд 775,6 млн рублёў (+10,7% да бюджэту на 2024-й), выдаткі — 29 млрд 707,8 млн рублёў.

Такім чынам, у 2026 годзе плануецца атрымаць на 11% больш даходаў у фонд, чым у 2025-м, выдаткаваць — на 17,3% больш.

Падзяліцца: