Мінск 17:36

Прыняты законапраект, які падвышае стаўкі шэрагу падаткаў

24 лістапада, Позірк. Праект паправак у закон “па пытаннях падатковых праваадносін” прыняты ў першым чытанні 24 лістапада, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС).

Дакумент, як адзначаецца, “забяспечвае вырашэнне праблемных пытанняў падаткаабкладання з улікам вынікаў правапрымяняльнай практыкі”, ён накіраваны на “далейшае спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты канкрэтных падаткаў, аптымізацыю падатковых ільгот, удасканаленне падатковага адміністравання”.

Падатковая палітыка ў 2026 годзе будзе накіраваная на “забеспячэнне ўстойлівага выканання прадугледжаных бюджэтам расходных абавязацельстваў”, гаворыцца ў паведамленні. 

У рэлізе ПП НС гаворыцца, што ў мэтах “кансалідацыі даходаў бюджэту” плануецца “рэалізацыя наступных мерапрыемстваў”:

дыферэнцыраванае павелічэнне ставак акцызаў на паліва і тытунёвыя вырабы з улікам міжнародных абавязацельстваў і пашырэнне пераліку падакцызных тавараў;

індэксацыя падатковых ставак, устаноўленых у абсалютных велічынях, на прагнозны ўзровень інфляцыі ў 2026 годзе (зямельны падатак, падатак на нерухомасць, экалагічны падатак, падатак на ігральны бізнес, транспартны падатак, падаходны падатак з фізічных асоб);

трансфармацыя асобных малаэфектыўных падатковых ільгот у паніжаныя стаўкі і адмена малаэфектыўных падатковых ільгот;

прывядзенне Падатковага кодэкса ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі заканадаўства, якое закранае розныя сферы;

карэкціроўка правоў падатковых органаў у частцы ажыццяўлення падатковага кантролю.

Акрамя таго, “для напаўнення даходнай часткі бюджэту прапануецца прадугледзець павышэнне каэфіцыентаў для вылічэння падатку на нерухомасць, на дарагую нерухомасць фізічных асоб і ўстанавіць павышаныя стаўкі падаходнага і транспартнага падаткаў на звышпрыбыткі і элітныя матацыклы”.

У інтэрв’ю тэлеканалу СТБ намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) Уладзіслаў Татарыновіч у верасні паведамляў, што ўлады таксама маюць намер “выраўняць стаўкі транспартнага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў, для юрыдычных асоб, паколькі ў многіх выпадках яны ажыццяўляюць аднолькавыя віды дзейнасці, таму ўмовы ў гэтых адносінах павінны быць роўныя”.

30 снежня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон № 327-З “Аб змене законаў у пытаннях падаткаабкладання”.

Сярод іншага папраўкі ўводзяць так званы “падатак на багацце” —  павялічваюць з 13 да 25% падаходны падатак для фізічных асоб, чые сукупныя даходы за падатковы перыяд перавысілі 200.000 рублёў. Гаворка аб даходах, атрыманых падаткаплацельшчыкам “ад крыніц у Рэспубліцы Беларусь у выглядзе дывідэндаў, па працоўных дагаворах, а таксама па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляюцца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці”.

Падзяліцца: