Мінск 23:00

Урад змяніў правілы рэгістрацыі транспарту

Фота: adt.by

28 лістапада, Позірк. Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын падпісаў пастанову, якой уносяцца змены ў правілы дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліку транспартных сродкаў, паведамляе прэс-служба ўрада.

Адзначаецца, што “для стварэння максімальна камфортных умоў грамадзянам і суб’ектам гаспадарання” цяпер дазволена “ажыццяўляць агляд транспартных сродкаў у любым рэгістрацыйным падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі”.

На сайце праекта abw.by са спасылкай на інфармацыю выдання МУС “На страже” тлумачыцца, што раней транспартны сродак павінен быў аглядацца ў тым жа падраздзяленні, дзе ажыццяўлялася рэгістрацыя. Цяпер агляд магчымы ў любым рэгістрацыйным падраздзяленні ДАІ на тэрыторыі Беларусі на працягу 30 сутак.

З абноўленай рэдакцыі правілаў выключана неабходнасць звароту юрыдычнай асобы ў ваенныя камісарыяты для ўліку транспарту ў інтарэсах мабілізацыйнай патрэбы.

Таксама выключана неабходнасць накіравання запытаў па месцы выдачы рэгістрацыйных дакументаў пры рэгістрацыі транспартных сродкаў, увезеных у Рэспубліку Беларусь з дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і якія былі раней у іх на ўліку.

Раней пры рэгістрацыі транспарту, увезенага з ЕАЭС, па месцы выдачы дакументаў накіроўваўся запыт. Пры гэтым да атрымання адказу або заканчэння шасці месяцаў з дня рэгістрацыі такіх транспартных сродкаў зняцце іх з уліку не праводзілася.

Акрамя таго, пастановай “вызначаны парадак ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі транспартных сродкаў, вырабленых у выніку індывідуальнай творчасці”.

Дакументам, як адзначаецца, “прыведзеныя ў адпаведнасць з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь асаблівасці рэгістрацыі транспартных сродкаў, калі ўласнікамі з’яўляюцца асобы, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, і асобы ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў”.

Таксама ўрад паведаміў, што “ў дакуменце з’явіліся вызначэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку і апісанне парадку фатаграфавання іх знешняга выгляду з мэтай аднастайнага правядзення агляду ТС”.

Калі новыя правілы набудуць моц, не паведамляецца. Верагодна, гэта стане вядома пасля афіцыйнага апублікавання пастановы.

Падзяліцца: