Мінск 00:46

Калеснікава падзякавала Трампу за надзею на змены, Зяленскаму — за прыём, Лукашэнку — за вызваленне

Марыя Калеснікава
Трансляцыя прэс-канферэнцыі / стоп-кадр: "Позірк"

14 снежня, Позірк. “Мы ўсе радыя быць на волі. Мы радыя, што вызвалілі так шмат людзей. І, вядома, мы чакаем наступных крокаў”, — заявіла на прэс-канферэнцыі 14 снежня ў Чарнігаве (Украіна) вызваленая напярэдадні і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава — член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі.

Экс-палітзняволеная падзякавала за падтрымку сваёй сям’і, блізкім і сябрам, калегам-музыкантам, людзям мастацтва, усім неабыякавым людзям, а таксама ўсім, хто мае дачыненне да вызвалення.

“Мы ведаем, што цяпер адбываюцца складаныя працэсы, і я б хацела падзякаваць [прэзідэнту ЗША] Дональду Трампу і яго камандзе за тое, што цяпер адбываецца, за тое, што справа зрушылася з месца і маецца надзея на пазітыўныя змены, — сказала яна. — Я хачу падзякаваць прэзідэнту [Украіны Уладзіміру] Зяленскаму і ўвяму ўкраінскаму народу за тое, што ўчора вы нас прынялі, за тое, што ўчора і сёння мы адчуваем вашу любоў і падтрымку”.

Паводле слоў Калеснікавай, яна прадстаўляе, як “неверагодна цяжка ў гэты час вайны, калі сам украінскі народ так пакутуе”, падтрымліваць беларускіх палітвязняў. “Гэта адчувае кожны з нас, і я перадаю словы ўсіх беларусаў, якія цяпер знаходзяцца тут. Мы адчуваем любоў, клопат, падтрымку на кожным этапе. То бок няма ніводнага пытання, якое б засталося нявырашаным, і для нас гэта вельмі-вельмі важна. Мы ўдзячныя”, — звярнулася яна да ўкраінцаў.

“Я дзякую Аляксандру Рыгоравічу [Лукашэнку] за тое, што ён зрабіў магчымым вызваленне людзей — наша вызваленне, і я буду вітаць усе далейшыя крокі ў гэтым кірунку. Я дзякую ўсім-усім-усім людзям добрай волі, якія ўвесь гэты час з намі”, — заявіла Калеснікава.

7 верасня 2020 года кіраўніца штаба Бабарыкі, а пасля яго затрымання ў чэрвені — прадстаўніца аб’яднанага штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава была схопленая ў цэнтры Мінска і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Калеснікава адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт. Яе вярнулі ў краіну і прыгаварылі да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4. Падчас зняволення перанесла складаную аперацыю. Доўгі час утрымлівалася ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску Новая Гута / Новыя Ярылавічы, праз якія Украіна і Расія звычайна праводзяць абмен палоннымі. У Літву, куды вывозілі папярэднія дзве групы палітвязняў, накіравалі толькі Алеся Бяляцкага — лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Зяленскі паразмаўляў з Калеснікавай

14 снежня, Позірк. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову з вызваленай Марыяй Калеснікавай. Пра гэта ён паведаміў 13 снежня ў традыцыйным вячэрнім відэазвароце да суграмадзян. "Сёння яшчэ адзін важны крок быў забяспечаны. ГУВ (Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны. — "Позірк".) …
Падзяліцца: