Мінск 13:00

У гомельскім шматпавярховіку здарыўся выбух з абвальваннем перакрыццяў, дзевяць чалавек эвакуяваныя, аднаго шукаюць — МНС

Відэа: МНС Стоп-кадр: “Позірк”

18 снежня, Позірк. Два чалавекі сталі ахвярамі пажараў, якія адбыліся ў Беларусі з 6:00 17 снежня да 6:00 18 снежня, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Гаспадар жылога дома 1962 года нараджэння загінуў ад агню ў аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна (Мінская вобласць). Шпіталізаваная яго жонка 1968 г.н.

У Баранавічах (Брэсцкая вобласць) на пажары загінула жанчына 1957 г.н.

МНС паведамляе таксама пра “выбух газапаветранай сумесі ў кватэры на сёмым паверсе дзесяціпавярховага панэльнага жылога дома ў Гомелі па вул.Косарава, 3”.

“У выніку выбуху адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі, пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”, — гаворыцца ў зводцы.

З кватэр пад’езда эвакуявана 9 чалавек.

“Кіналагічнымі разлікамі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння “ЗУБР” праводзіліся работы па пошуку магчымых пацярпелых. Арганізавана адсяленне жыхароў трэцяга (аварыйнага) пад’езда, па выніках абследавання кватэры і двух іншых пад’ездаў дома прыдатныя для далейшага пражывання”, — удакладняе ведамства.

Адзначаецца, што “месцазнаходжанне аднаго жыхара з кватэры на шостым паверсе высвятляецца”.

Праведзеныя работы па ўмацаванні пашкоджаных канструкцый, паведамляе МНС. Псіхолагі “аказвалі дапамогу жыхарам дома”. Прычына здарэння высвятляецца.

З пачатку года, паводле звестак МНС, ахвярамі пажараў у Беларусі сталі 493 чалавекі (год таму на гэтую ж дату — 515, зніжэнне на 4,3%). Пры гэтым колькасць пажараў узрасла на 2,1% — з 5.948 да 6.072.

“Позірк” неаднаразова звяртаў увагу на тое, што МНС перыядычна карэктуе статыстыку смяротнасці на пажарах у бок змяншэння (папярэдні выпадак — 5 кастрычніка).

Згодна з тлумачэннем ведамства, часам пасля правядзення судова-медыцынскай экспертызы высвятляецца, што смерць наступіла не праз пажар. Наадварот, як заявіла МНС, узгаранне часам можа ўзнікнуць пасля таго, як чалавек памёр.

Падзяліцца: