Мінск 15:43

Чатыры чалавекі загінулі ў ДТЗ у Слонімскім раёне

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

19 снежня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Слонімскім раёне паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Адзначаецца, што аварыя адбылася 19 снежня на закругленні аўтадарогі, сутыкнуліся аўтамабілі “Фальксваген” і “Аўдзі”.

“У выніку ДТЗ загінулі чатыры чалавекі (асобы высвятляюцца). Два чалавекі дастаўленыя ў бальніцу”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, МНС, медыкі, следча-аператыўная група

Паведамляецца, што па даручэнні міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова на месца трагедыі выбыў начальнік ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, у першай палове 2025 года ў Беларусі зафіксавана зніжэнне колькасці дарожна‑транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх людзей, аднак узрасла колькасць загінулых. Значны рост колькасці ДТЗ назіраецца ў Гомельскай вобласці, загінуўшых — у Мінску, параненых — у Мінскай вобласці. Дакладныя лічбы не называліся.

Ротчанкаў 21 кастрычніка паведаміў, што ў 2024 годзе ў ДТЗ загінула 434 чалавекі.

Падзяліцца: