Мінск 18:46

Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным заявіў пра неабходнасць узгадніць “адно-два пытанні”

21 снежня, Позірк. У адносінах паміж Мінскам і Масквой застаецца “зусім няшмат” нявырашаных пытанняў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 снежня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

“Урады нядрэнна працуюць. Мы як дамовіліся: калі ўжо нешта не вырашаць, тады наверх няхай выцягваюць пытанні. Такіх адзін-два пытанні, якія трэба ўзгадніць. А так наогул мы рэалізоўваем усе дамоўленасці. Ад вайскова-тэхнічнага, вайсковага, абароннага супрацоўніцтва да эканомікі пытанняў практычна няма”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба Крамля.

Ён падзякаваў Пуціну за запрашэнне наведаць Санкт-Пецярбург.

“Мы паглядзелі, таксама прааналізавалі, агульныя пытанні вычленілі, над якімі нам трэба працаваць. І тое, што мы ўзялі такі трэнд з вамі, лакаматыў інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы — нікому нічога не навязваем. Хочаце — улічвайце ў сваёй унутранай палітыцы, не хочаце — не бярыце. Але прыклад добры, калі хтосьці настроены на сумесную працу, на інтэграцыю. Таму ўзгоднім пару пытанняў, можам нашы агульныя справы працягваць у рамках Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета”, — дадаў прамоўца.

Лукашэнка наведвае Санкт-Пецярбург 21–22 снежня.

Паведамлялася, што ён возьме ўдзел у самітах Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Лукашэнка і Пуцін апошні раз сустракаліся ў Маскве 25 верасня. Таксама яны размаўлялі 1 жніўня на Валааме (Карэлія, РФ). Раней сёлета Лукашэнка здзяйсняў візіты ў Расію ў сакавіку, красавіку і траўні.

Палітыкі таксама рэгулярна размаўляюць па тэлефоне.

Падзяліцца: