Мінск 10:46

Сілавікі адзначаюць “мінімальную колькасць негатыўных каментароў” у сацсетках падчас УНС

Трансляцыя УНС: news.by / стоп-кадр: "Позірк"

21 снежня, Позірк. Падчас Усебеларускага народнага сходу (УНС) супрацоўнікі сілавых структур сачылі за рэакцыяй на яго ў сацыяльных сетках і канстатавалі “мінімальную колькасць негатыўных каментароў“. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч 21 снежня ў эфіры тэлеканала СТБ.

Паводле яго слоў, негатыўныя каментары “былі найперш з-за мяжы”.

“Так званыя збеглыя, якія дзесьці ў Вільнюсе, у Варшаве і гэтак далей, нават не цынічна, а неяк так, ну, як гопнікі, каментавалі тое, што адбываецца ў краіне. Не злосна — брыдка. Унутры краіны такой рэакцыі не было. Іншымі словамі, грамадзяне свядома ставіліся да мерапрыемства, якое праводзіцца, і сапраўды ў зале мы бачылі прадстаўнікоў усёй краіны. Таму якіх-небудзь праблем сур’ёзных з арганізацыяй, з забеспячэннем аховы грамадскага парадку ў нас не было“, — сказаў Казакевіч.

Разам з тым, адзначыў ён, былі паведамленні аб ілжывых мініраваннях, загадзя ілжывыя паведамленні аб небяспецы, “але яны не выбіваліся з агульнага трэнду, які мы назіраем на працягу ўсяго перыяду“.

Казакевіч асабліва адзначыў прафесіяналізм ДАІ: арганізацыя дарожнага руху была “не проста забяспечаная, а дарожны рух быў арганізаваны такім чынам, каб не перашкаджаць грамадзянам”.

Рэпрэсіі, у тым ліку за каментары ў інтэрнеце, не спыняюцца з 2020 года. Пераслед іншадумства прывёў да татальнага страху самавыяўлення ў Беларусі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна” на канец лістапада, не менш 9.185 чалавек з 2020 года сутыкнуліся з крымінальным пераследам з палітычных матываў (месяцам раней 9.044). У дачыненні да мінімум 7.840 чалавек з 2020 года вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя (7.724). Гэтыя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц.

Падзяліцца: