Мінск 10:46

Будаўніцтва трэцяга энергаблока АЭС умацуе суверэнітэт Беларусі, заяўляе Лукашэнка

Фота: старонка ДП "Беларуская АЭС" у сацсетцы “УКантакце”

22 снежня, Позірк. Рашэнне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока атамнай станцыі “стала своечасовым і важным крокам на шляху далейшага развіцця Беларусі і ўмацавання яе суверэнітэту”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 22 снежня з Днём энергетыка работнікаў галіны.

На думку віншавальніка, якога цытуе яго прэс-служба, запуск двух энергаблокаў Беларускай АЭС “як ніколі ўзмацніў энергетычны патэнцыял рэспублікі”.

“Паліўна-энергетычны комплекс краіны з’яўляецца адной з ключавых галін нацыянальнай эканомікі, забяспечвае ўстойлівую працу айчынных прадпрыемстваў і функцыянаванне аб’ектаў сацыяльнай сферы”, — гаворыцца ў віншаванні.

17 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці РФ Юрыем Слюсарам Лукашэнка паведаміў, што пасля абмеркавання з расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам” Мінск вырашыў збудаваць трэці энергаблок Беларускай АЭС і “весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі” на ўсходзе краіны.

Пра прынятае рашэнне будаваць дадатковы энергаблок на дзейнай БелАЭС паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра, былы міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч 14 лістапада пасля профільнай нарады ў Лукашэнкі.

“Па выніках нарады прынятае рашэнне пра развіццё Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыю другой чаргі — збудаванне трэцяга энергаблока. І паралельна будзе арганізаваная праца па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці [для патэнцыйнага будаўніцтва другой АЭС]”, — сказаў чыноўнік.

На сустрэчы з Пуціным 26 верасня ў Маскве Лукашэнка даў зразумець, што гатовы пабудаваць у Беларусі другую атамную станцыю, каб забяспечваць электраэнергіяй анексаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны.

Збудаванне першай станцыі — Беларускай АЭС ля Астраўца (Гродзенская вобласць) — завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га, у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: