Мінск 23:47

Палкоўнік КДБ Бычак стаў генерал-маёрам юстыцыі

23 снежня, Позірк. Прызначанаму на пасаду старшыні Следчага камітэта (СК) Канстанціну Бычаку нададзена спецыяльнае званне генерал-маёра юстыцыі.

Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 снежня, паведамляе яго прэс-служба.

Бычак займаў пасаду начальніка следчага ўпраўлення КДБ, даслужыўся да звання палкоўніка. У СК ён змяніў Дзмітрыя Гору, які прызначаны генеральным пракурорам і рашэннем Лукашэнкі атрымаў чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 2 класа. Гора працаваў намеснікам генпракурора ў 2019–2021 гадах, а ў 2009–2019 гадах — начальнікам следчага ўпраўлення КДБ.

Папярэдні генпракурор Андрэй Швед рашэннем Усебеларускага народнага сходу перамешчаны на пасаду старшыні Вярхоўнага суда замест Валянціна Сукалы, які знаходзіўся на гэтай пасадзе 28 гадоў.

Пры прызначэнні новых кіраўнікоў Генпракуратуры і СК Лукашэнка “паставіў задачу і надалей не дапускаць ніякіх намераў у бок “рэвалюцыйнай” барацьбы супраць існуючага дзяржаўнага ладу”, паведаміла яго прэс-служба.

“Я — чалавек, які сыходзіць. Хаця многія за гэта ўхапіліся: “Ах, сыходзячы!..”. Хто перажывае, хто радуецца. Гэта не значыць, што заўтра мы ўсё гэта кінем, і я ў тым ліку, і сыдзем. Але зразумела, што я ўжо не той чалавек, які першы ці другі год працуе прэзідэнтам”, — сказаў Лукашэнка.

Пры прызначэнні Бычака ён заявіў, што “гэтае кадравае рашэнне наспела даволі даўно, але не было абнародавана да пары да часу”.

Падзяліцца: