Мінск 22:45

Да канца 2030 года амаль дзве траціны аб’ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры могуць застацца не прыстасаванымі для інвалідаў

Ілюстрацыя: freepic.com

25 снежня, Позірк. Да канца 2030 года амаль дзве траціны (64%) аб’ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі могуць застацца не прыстасаванымі для інвалідаў, вынікае з паведамлення ўрада аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы “Грамадства роўных магчымасцяў“ на 2026-2030 гады.

Плануецца “павелічэнне ахопу грамадзян 75 гадоў і старэйшых, інвалідаў сацыяльнымі паслугамі да 25% ад іх агульнай колькасці (да 2030 года — 230 тыс. чалавек, рост за 5 гадоў больш чым на 50 тыс. чалавек); рост колькасці атрымальнікаў сацыяльных паслуг не менш чым на 15% за 5 гадоў (да 2030 года 430 тыс. чалавек, рост — больш чым на 55 тыс. чалавек); забеспячэнне ахопу інвалідаў, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі не менш за 95% (рост за 5 гадоў на 25%); павелічэнне долі даступных аб’ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі — не менш за 36% у агульнай колькасці аб’ектаў (з 33,3 тыс. аб’ектаў да 38,4 тыс.)“.

На рэалізацыю праграмы мяркуецца накіраваць 3,8 млрд рублёў.

Дакумент уключае ў сябе дзве падпраграмы — “Дабрабыт старэйшага пакалення“ і “Сацыяльная інклюзія”.

Мэтай праграмы заяўлена “павышэнне даступнасці і якасці сацыяльнай падтрымкі з улікам дыферэнцыраваных патрэбаў грамадзян старэйшага пакалення і інвалідаў”.

У 2021-2025 гадах для павышэння якасці жыцця інвалідаў і пажылых рэалізоўвалася дзяржпраграма “Сацыяльная абарона“. На яе рэалізацыю, паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, было выдзелена 4,8 млрд рублёў. Такім чынам, на праграму “Грамадства роўных магчымасцяў“ прадугледжана на 1 млрд рублёў менш.

Падзяліцца: