Мінск 09:00

Амаль ва ўсіх стаўленне да чужой уласнасці бестурботна-грэблівае, лічаць ідэолагі Акадэміі кіравання

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 снежня 2025 года ў 12:50

26 снежня, Позірк. Амаль ва ўсіх “прысутнічае бестурботна-грэблівае стаўленне” да чужой уласнасці. Такое сцвярджэнне змяшчаецца ў метадычных матэрыялах, падрыхтаваных НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце для “адзінага дня інфармавання насельніцтва“, які праводзілі ў снежні інфармацыйна-прапагандысцкія групы і асобныя чыноўнікі. Тэма “дня“ — “Пяцігодка якасці — вынікі года добраўпарадкавання”. Тэзісы традыцыйна былі падрыхтаваныя для трох груп насельніцтва: рабочых, інтэлігенцыі і моладзі.

“У савецкі час было сфармавана не зусім правільнае стаўленне да ўласнасці: хто старэйшы <…>, павінны памятаць, якія былі пад’езды 30-40 гадоў таму. Прапаленыя кнопкі ў ліфтах, размаляваныя сцены, у лепшым выпадку фанера на месцы выбітага шкла ў пад’ездзе… Светапогляд “не маё — не шкада” прыводзіла да безадказнага стаўлення да ўсяго, што атачала”, — гаворыцца ў метадычцы, падрыхтаванай для працы з моладзевай аўдыторыяй.

Ідэолагі абышлі ўвагай пытанне стаўлення ўладаў да ўласнасці іх апанентаў: канфіскацыі і продажу на аўкцыёнах кватэр і іншай маёмасці нібыта дзеля кампенсацыі шкоды ад акцый пратэсту ў 2020 годзе.

“Год добраўпарадкавання — гэта год адказнага стаўлення беларусаў (кожнага з нас!) да ўласнай дзяржавы, уласнай маёмасці“, — заяўляюць аўтары метадычак.

Паводле іх сцвярджэння, для эфектыўнага абыходжання з адходамі ў краіне створаны ўсе ўмовы, “Год добраўпарадкавання ўнёс сваю важкую лепту ў бітву са смеццевым монстрам“. Прыводзіцца даведка, згодна з якой за 9 месяцаў 2025 года ўстаноўлена 4.217 сучасных модульных кантэйнерных пляцовак (131% плана), устаноўлена і адрамантавана 25.944 кантэйнеры для збору камунальных адходаў (116%), “атрымалася істотна нарасціць аб’ём збору прыдатных для паўторнага выкарыстання рэсурсаў; да прыкладу, адходаў пластыка — больш чым у 4 разы, шкла — больш чым у 3, шын — у 2,6 раза“.

“Агулам ахоп насельніцтва паслугай па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі складае 100%, а больш за 85% беларусаў маюць умовы для паасобнага збору адходаў“, — пішуць ідэолагі. Пры гэтым яны прызнаюць, што ў цяперашні час сартуецца і перапрацоўваецца толькі 40% бытавых адходаў (у матэрыялах для інтэлігенцыі прыводзяцца абсалютныя лічбы: перапрацоўваецца 1,5 млн з 4,3 млн т адходаў, што складае 35%, а не 40%).

Падзяліцца: