Кіраўнік Гомельскага гарвыканкама: Цяжка сказаць нешта канкрэтнае па тэрмінах аднаўлення пацярпелага ад выбуху шматпавярховіка

26 снежня, Позірк. “Набрацца цярпення” заклікаў жыхароў разбураных кватэр шматпавярховага дома па вуліцы Косарава старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
“Паверце, мы робім усё магчымае, каб вярнуць людзей да нармальнага жыцця. Распрацаваны алгарытм дзеянняў па аднаўленні пацярпелага пад’езда. Выконваць работы будзе гомельскі ДСК, які калісьці будаваў гэты дом. Нешта канкрэтнае па тэрмінах цяпер сказаць цяжка, але мы прыкладзем усе намаганні, каб зрабіць усё як мага хутчэй”, — сказаў чыноўнік на сустрэчы з жыхарамі.
Як паведамляе рэгіянальнае медыя “Белка”, цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па ўмацаванні дома і аднаўленні яго разбуранай часткі. “Улічваючы, што дзевяціпавярховы дом у сярэднім “вырастае” за 7–8 месяцаў, прагноз аптымістычны. Арыентыровачна пад’езд будзе адноўлены ў першым квартале 2026 года”, — гаворыцца ў публікацыі.
“Галоўная задача гарадскіх уладаў у гэты перыяд — прыкласці максімум намаганняў, каб ніхто з пацярпелых не адчуваў сябе кінутым або пакрыўджаным”, — адзначыў Прывалаў.
Паводле яго слоў, у якасці кампенсацыі шкоды жыхарам дома будзе выплачана не менш за 1 млн рублёў — у сярэднім па 100 тыс. на кожную сям’ю, якая часова засталася без жылля.
24 снежня паведамлялася, што 31 жыхар пацярпелага ад выбуху дома пражывае ў гомельскім гатэлі “Сож”.
Днём раней стала вядома аб выяўленні ў 21:30 22 снежня пад абвалам перакрыццяў двух паверхаў у доме па вуліцы Косарава цела загінулай у выніку выбуху 17 снежня жанчыны.
Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі адзначыў, што цела было знойдзена пры разборы завалаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулай з’яўляецца жыхарка дома.
Адзначалася, што ўпраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці працягваецца праца па выяўленні ўсіх абставін інцыдэнту, прычын і ўмоў, якія прывялі да трагедыі. Прызначаны неабходныя экспертныя даследаванні. Прававая ацэнка таго, што адбылося, будзе дадзена пасля правядзення комплексу следчых дзеянняў.
Таксама Бараноўскі паведаміў, што “спецыялісты ў доме па вуліцы Косарава правялі неабходныя дэмантажныя работы”: “Устаноўлена, што дадатковых канструкцый не пашкоджана. Камісіяй прынята рашэнне па аднаўленні ў найкарацейшыя тэрміны будынка да першапачатковага стану, распрацоўваецца алгарытм дзеянняў”.
Пра “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3) у Гомелі ў дзень здарэння паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пазней ведамства заявіла, што ў выніку выбуху “адбылося абрушэнне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі, пашкоджана вонкавая сценавая панэль дома”.
Бараноўскі ў той жа дзень паведаміў, што ў пад’ездзе, у адной з кватэр якога адбыўся выбух, “пражывала 78 чалавек, з іх 11 дзяцей”.
“Чатыры прадстаўнікі сталага ўзросту, якім урачамі прадпісаны пасцельны рэжым, прыняты нашымі медыкамі, для іх арганізуюць асобы догляд. Маюць патрэбу Жыхарам, якія маюць патрэбу, прадстаўлены месцы для часовага пражывання, арганізавана харчаванне. Асноўная задача на сённяшні дзень — супакоіць людзей, каб у гэтай складанай сітуацыі яны пачуваліся камфортна”, — заявіў тады чыноўнік.
З таго часу пра пацярпелых ні ведамствы, ні дзяржаўныя СМІ не паведамлялі.
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗ пачатку года бульба ў Мінску падаражэла на 16%, у Магілёўскай вобласці — патаннела на 22% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваАмаль ва ўсіх стаўленне да чужой уласнасці бестурботна-грэблівае, лічаць ідэолагі Акадэміі кіраванняМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



