Мінск 22:39

У рамках каляднага збору для дзяцей палітвязняў сабрана больш за 16 тыс. еўра

Ілюстрацыя: старонка BySol у "Фэйсбуку"

26 снежня, Позірк. 16.062 еўра сабрана на 21 снежня ў рамках каляднага збору для дзяцей палітвязняў, вынікае з інфармацыі на сайце фонду салідарнасці BySol.

Заяўленая сума збору цяпер складае 27.400 еўра.

Паведамляецца, што выплаты атрымалі 134 дзіцяці з 266.

Пра пачатак збору сродкаў стала вядома 17 лістапада.

“Дарослы свет паспеў прычыніць гэтым дзецям занадта шмат дрэннага: выклікаць трывогу, пазбавіць звыклага клопату, прымусіць перажываць расстанне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца ні адно дзіця. Менавіта мы з вамі можам паказаць, што свет дарослых бывае не толькі жорсткім”, — гаворыцца ў апісанні збору на сайце фонду.

Адзначаецца, што збор “прыдуманы для таго, каб сем’і палітвязняў атрымалі падтрымку, а кожнае дзіця — знак увагі і надзею”.

“На кожнае дзіця мы разлічваем сабраць па 100 еўра — каб у гэтых сем’ях была магчымасць стварыць адчуванне сапраўднага свята”, — паведамляў BySol.

Фонд салідарнасці BySol заснаваны ў 2020 годзе. Займаецца зборам сродкаў і аказаннем іншай дапамогі людзям, пацярпелым ад палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Падзяліцца: