Мінск 11:15

Грызлоў назваў Беларусь і РФ “супольнай культурна-цывілізацыйнай прасторай”

Барыс Грызлоў
Архіўнае фота: "РИА Новости"

31 снежня, Позірк. Паміж Расіяй і Беларуссю “актыўна развіваецца ўзаемадзеянне ў культурна-гуманітарнай сферы”, адзначыў амбасадар РФ у Мінску Барыс Грызлоў у навагоднім віншаванні, апублікаваным на сайце расійскага дыпламатычнага прадстаўніцтва.

“Гастролі тэатраў, шматлікія канцэрты папулярных выканаўцаў і сумесныя музычныя і кінафестывалі, якія збіраюць дзясяткі тысяч гледачоў, сталі неад’емнай часткай культурнага жыцця жыхароў нашых краін. Мы — супольная культурна-цывілізацыйная прастора”, — сцвярджае ён.

Кажучы пра эканоміку, Грызлоў адзначыў, што “за апошнія чатыры гады аб’ём гандлю паміж Расіяй і Беларуссю павялічыўся практычна ў два разы”. Дыпламат падкрэсліў, што гэта адбылося “на фоне неаслабнага санкцыйнага ціску з боку Захаду”. Варта адзначыць, што заходнія абмежавальныя меры былі ўведзеныя ў тым ліку за развязаную Масквой і падтрыманую рэжымам Аляксандра Лукашэнкі поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а ўмацаванне эканамічнай супрацы шмат у чым звязанае з тым, што беларуская прамысловасць працуе сярод іншага і на патрэбы расійскай арміі.

“У структуры экспарту і імпарту ўпэўнена расце доля высокатэхналагічнай прадукцыі са значнай доляй лакалізацыі. Пры гэтым практычна ўсе ўзаемаразлікі (больш за 95%) вядуцца ў нацыянальных валютах. Гэта найважнейшы ўнёсак ва ўмацаванне эканамічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы і забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці”, — адзначыў дыпламат.

У плане спорту Грызлоў перакананы, што калі “расіяне і беларусы вернуцца на ўсе міжнародныя турніры”, то будуць “займаць прызавыя месцы, ставіць рэкорды і задаваць новую планку”. Ён упэўнены, што вяртанне гэтых атлетаў у сусветны спорт з’яўляецца толькі пытаннем часу: “У снежні Міжнародны алімпійскі камітэт ужо прыняў рашэнне дапусціць да спаборніцтваў расійскіх і беларускіх юнакоў і дзяўчат, прычым у паўнапраўным статусе — са сцягам і гімнам. Гэта крок у правільным кірунку”.

Узброеныя сілы дзвюх краін “надзейна абараняюць заходнія рубяжы Саюзнай дзяржавы” ва ўмовах “напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі”, “эфектыўна функцыянуюць Рэгіянальная групоўка войскаў і адзіная сістэма СПА”, падкрэсліў Грызлоў.

“Праведзеныя ў верасні сумесныя стратэгічныя вучэнні “Захад-2025” зноў пацвердзілі наяўнасць у Саюзнай дзяржавы абароннага патэнцыялу, дастатковага для адбіцця любых пагроз, — адзначыў расійскі дыпламат. — З 2024 года ў Беларусі размешчана расійская тактычная ядзерная зброя, а літаральна днямі, у адпаведнасці з дамоўленасцю кіраўнікоў нашых дзяржаў Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, у рэспубліцы заступілі на баявое дзяжурства расійскія ракетныя комплексы “Арэшнік”. Гэты крок — нагляднае пацвярджэнне эфектыўнасці двухбаковага міждзяржаўнага дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які набыў моц у сакавіку”.

Грызлоў, кажучы пра расіян і беларусаў, заявіў, што ў аснове “нашай ідэнтычнасці” ляжаць наступныя каштоўнасці: “Любоў да Радзімы, вернасць нашым традыцыям і агульнай гістарычнай памяці, узаемапавага, сумленнасць і адкрытасць”. “Гэтыя ж прынцыпы складаюць фундамент Саюзнай дзяржавы — самага прагрэсіўнага інтэграцыйнага аб’яднання XXI стагоддзя”, — лічыць дыпламат.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсаваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Падзяліцца: