Лукашэнка і МЗС Беларусі пакуль не адрэагавалі на ўдары ЗША па Венесуэле, хоць раней падтрымлівалі Мадуру

3 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка пакуль ніяк не адрэагаваў на ўдары ЗША па аб’ектах у Венесуэле.
Рэакцыі няма ні на сайце палітыка, ні ў неафіцыйным телеграм-канале яго прэс-службы.
Міністэрства замежных спраў таксама падзеі ў Венесуэле не каментуе.
Пры гэтым раней улады ў Мінску падтрымлівалі Каракас перад пагрозамі з боку ЗША.
19 снежня кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў заявіў у тэлефоннай размове з венесуэльскім калегам Іванам Хілем Пінта аб непрымальнасці “агрэсіўных дзеянняў і эскалацыі” ў дачыненні да гэтай лацінаамерыканскай краіны.
Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскай кампаніі “Ньюсмакс ТБ” (апублікаванае 16 снежня) заявіў, што прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура “не той чалавек, які ўсё кіне і ўцячэ”: “Таму ўсе гэтыя пустыя размовы журналістаў аб тым, што мы з ім дамовіліся аб яго пераездзе ў Беларусь, — няпраўда. Ніколі на гэтую тэму мы не размаўлялі”.
25 лістапада і 11 снежня Лукашэнка сустракаўся ў Мінску з амбасадарам Венесуэлы ў Расіі Хесусам Рафаэлем Саласарам Веласкесам. На апошняй сустрэчы беларускі палітык заявіў пра “нейкае рашэнне, якое павінна быць прынятае пасля ўзгаднення з прэзідэнтам гэтай лацінаамерыканскай краіны”.
На апошняй сустрэчы Лукашэнка перадаў праз дыпламата запрашэнне Мадуры наведаць Беларусь.
ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы ў ноч на 3 студзеня. Паводле даных СМІ, гэта зроблена па распараджэнні амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.
Са спасылкай на відавочцаў паведамляецца таксама аб палётах над сталіцай краіны Каракасам авіяцыі ЗША.
Паводле папярэдняй інфармацыі атакаваная венесуэльская вайсковая база ў Фуэрце-Цівуна, дзе размяшчаюцца вышэйшае вайсковае кіраўніцтва і члены ўрада, дом міністра абароны Уладзіміра Падрына Лопеса, вайсковы аэрадром Хенералісіма-Франсіска-дэ-Міранда. Таксама ў інтэрнэце распаўсюджана відэа, на якім гарыць будынак ваенна-гістарычнага музея, дзе знаходзіцца маўзалей папярэдняга прэзідэнта Уга Чавеса.
У некаторых раёнах Каракаса знікла электрычнасць.
Аб ахвярах амерыканскай атакі не паведамляецца.
Мадура ўвёў у краіне надзвычайнае становішча. Пры гэтым яго месцазнаходжанне доўгі час заставалася невядомым. Пазней Трамп заявіў, што Мадура затрыманы і разам з жонкай вывезены з краіны.
Паводле даных урада Венесуэлы, ударам з боку ЗША падвергліся аб’екты ў сталіцы, а таксама ў штатах Міранда, Арагуа і Ла-Гуайра. Каракас абвінаваціў Вашынгтон у спробе захопу вайсковым шляхам прыродных рэсурсаў дзяржавы.
Раней Трамп неаднаразова пагражаў нанесці ўдары па Венесуэле, абвінавачваючы ўлады гэтай краіны ў “наркатэрарызме”. У 2025 годзе Вашынгтон павялічыў вайсковую прысутнасць ля берагоў Венесуэлы, амерыканскія вайскоўцы рэгулярна наносілі ўдары па малых судах, тлумачачы гэта тым, што яны перавозяць у ЗША наркотыкі.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка



