Мінск 21:25

Лукашэнка спадзяецца выкарыстаць рэсурс кіраўнікоў найвышэйшых судовых органаў Сукалы і Міклашэвіча, якія сышлі з пасадаў у адстаўку

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

6 студзеня, Позірк. Выкарыстаць рэсурс кіраўнікоў вышэйшых судовых органаў, якія сышлі з пасадаў у адстаўку, Валянціна Сукалы і Пятра Міклашэвіча спадзяецца Аляксандр Лукашэнка. Свае пажаданні на гэты конт палітык выказаў 6 студзеня на цырымоніі прывядзення да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў і ўшанавання ранейшых кіраўнікоў.

“Мы з гэтымі “монстрамі” ад юрыспрудэнцыі (прабачце мяне за гэтае “добрае” слова) не развітваемся, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я вельмі спадзяюся, што абноўлены Канстытуцыйны суд, а тым больш Вярхоўны суд краіны будуць функцыянаваць дакладна так — у міры і згодзе з іншымі галінамі ўлады, органамі дзяржаўнай улады — і зробяць годны ўнёсак у канчатковае фармаванне той архітэктуры Беларусі, якую мы жадалі бы бачыць ва ўладзе”.

“Я вам шчыра ўдзячны за ўсё, што вы зрабілі, — заявіў ён, уручаючы экс-старшыні Вярхоўнага суда Сукалу ордэн Айчыны II ступені, а былому кіраўніку Канстытуцыйнага суда Міклашэвічу ордэн Айчыны III ступені. — Гэта тычыцца ўсіх нас. Час ідзе, прыходзяць маладыя людзі. Гэта добра, правільна. Мы мусім свой досвед, калі яны захочуць, перадаць ім, што і будзем рабіць у найбліжэйшыя гады, што б пра нас ні казалі, ні пісалі”.

На думку Лукашэнкі, дзяржава, “магчыма, яшчэ не ўсё зрабіла для судовай сістэмы”, таму “яшчэ трэба будзе сустракацца, каб абмеркаваць усе праблемы — ад асабістых да дзяржаўных”.

“Пра будучыню мы яшчэ з вамі паразмаўляем. Не сыходзьце далёка, калі ласка, ад таго, што мы з вамі стваралі дзесяцігоддзямі. Шчыры вам дзякуй. Думаю, што тыя, хто прыходзіць нам на змену, зробяць гэта лепш за нас і больш годна”, — заклікаў палітык былых кіраўнікоў найвышэйшых судовых органаў.

19 снежня 2025 года Усебеларускі народны сход (УНС) абраў старшынёй Вярхоўнага суда Андрэя Шведа (да таго — генеральны пракурор), а Канстытуцыйнага суда — Сяргея Сіўца (кіраўнік пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці).

З апублікаваных на наступны дзень рашэнняў УНС стала зразумела, што 83-гадовы Сукала, які ўзначальваў Вярхоўны суд з 1997 года, і 71-гадовы Міклашэвіч, які кіраваў Канстытуцыйным судом з 2008-га, пакінулі свае пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку.

Падзяліцца: