Мінск 04:12

Мінсельгасхарч заявіў, што “аграрыі на перадавой барацьбы са стыхіяй”, і адправіў прыбіраць снег 15,6 тыс. адзінак тэхнікі

Відэа: Мінсельгасхарч Стоп-кадр: “Позірк”

9 студзеня, Позірк. “Аграрыі — на перадавой барацьбы са снежнай стыхіяй: адзіная каманда ў дзеянні!” — пад такім загалоўкам апублікаваны рэліз Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання аб удзеле ведамства ва ўборцы снегу.

“Снегапад і чырвоны ўзровень метэаралагічнай небяспекі стаў фактарам, які згуртаваў беларусаў у адзіным парыве ўзаемадапамогі і адказнасці. На перадавой барацьбы са стыхіяй стала і сельскагаспадарчая галіна”, — заяўляе Мінсельгасхарч.

Адзначаецца, што больш за 15.600 адзінак тэхнікі — пагрузчыкаў, трактароў, экскаватараў — “мабілізавана па ўсёй рэспубліцы для аператыўнай уборкі снегу, расчышчэння дарог”.

“Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, машынна-трактарныя станцыі і аграпрамысловыя арганізацыі таксама забяспечваюць бяспеку дарог, пад’ездаў да сацыяльна значных аб’ектаў і бесперабойную працу транспартнай інфраструктуры агульнай колькасцю ў 6.843 адзінкі тэхнікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней паведамлялася, што міністр унутраных спраў Іван Кубракоў даручыў “максімальна вывесці на дарогі цяжкую тэхніку (усюдыходы, БТРы, “Волат”, “Тыгр” і г.д.) для садзейнічання камунальным службам ва ўборцы снегу і грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю”.

Складаныя ўмовы надвор’я са снегападамі захоўваюцца ў Беларусі з 8 студзеня.

Раніцай 9 студзеня Міністэрства энергетыкі паведаміла, што з-за непагадзі парушалася электразабеспячэнне ў 251 населеным пункце. У Віцебскай вобласці больш за ўсё пацярпеў Полацкі раён, у Мінскай — Маладзечанскі, Слуцкі, Мінскі, у Гомельскай — Рэчыцкі і Жлобінскі. Паводле даных прадпрыемства “Белэнерга“ на 10:00, аднаўленчыя работы працягваліся ў 24 населеных пунктах, пераважна ў Віцебскай і Гомельскай абласцях.

З вечара 8 студзеня ў Мінску з-за моцнага снегу парушана праца грамадскага транспарту. Прадпрыемства “Мінсктранс” да паўночы апублікавала каля 20 паведамленняў аб спыненні і/або змене маршрутаў у розных раёнах сталіцы. З раніцы 9 студзеня выдадзена 30 паведамленняў.

Падзяліцца: