Мінск 17:53

Беларуска Марыя Жодзік стала шостай у галасаванні на званне спартсмена года ў Польшчы

Фота: Tomasz Kasjaniuk / PZLA

11 студзеня, Позірк. Шостае месца ў галасаванні на званне спартсмена года ў Польшчы заняла беларуска Марыя Жодзік, вынікае з публікацыі выдання Przegląd Sportowy.

Лаўрэатам сёлета стала Клаўдыя Зваліньска (веславанне на байдарках і каноэ), у тройку таксама ўвайшлі Іга Свёнтэк (тэніс) і Вільфрэда Леон (валейбол).

На спартсмена года, якога Przegląd Sportowy традыцыйна вызначае з дапамогай апытання спартыўнай грамадскасці краіны, было намінавана 25 чалавек. Сёлета ўзнагарода ўручаная 100-ы раз. Цырымонія прайшла ў Варшаве 10 студзеня.

У кастрычніку скакуха ў вышыню Жодзік была прызнаная ў Польшчы лёгкаатлеткай года. Яна адзначаная “за выключны сезон”, які прынёс ёй срэбраную ўзнагароду на чэмпіянаце свету ў Токіа (Японія).

Другое месца на першынстве свету 28-гадовая спартсменка заняла 21 верасня 2025 года, узяўшы вышыню ў 2 метры і ўстанавіўшы асабісты рэкорд.

Медаль Жодзік стаў адзіным для польскай зборнай на чэмпіянаце.

Пасля ўдалага выступу спартсменкам сярод іншага заявіла СМІ, што не мае намеру вяртацца ў Беларусь.

Зборная Беларусі на турніры не выступала, бо адхіленая ад спаборніцтваў Міжнароднай асацыяцыяй лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ).

Грамадзянства Польшчы Жодзік атрымала 20 сакавіка 2024 года. Выступала пад польскім сцягам на Алімпіядзе-2024 у Парыжы.

У 2021 годзе Жодзік устанавіла асабісты рэкорд, калі скокнула на 1 м 96 см. Гэта дало ёй права выступаць на Алімпіядзе ў Токіа ад Беларусі, аднак функцыянеры Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі не забяспечылі працэдуру правядзення допінг-тэстаў у тэрміны, вызначаныя ІААФ. Спапртсменка ў Токіа не выступіла.

Жодзік родам з Баранавічаў (Брэсцкая вобласць), з 2022 года жыве ў Польшчы.

У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, а таксама гвалту з боку сілавікоў. Акрамя таго, асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.

Спартсмены, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэстны рух і былі пазбаўленыя магчымасці працягваць спаборнічаць у Беларусі, у сваёй большасці завяршылі прафесійную дзейнасць.

Падзяліцца: