Мінск 13:47

У Дзень абаронцаў свабоды Літвы Ціханоўская падзякавала гэтай краіне за падтрымку беларусаў

Архіўнае фота: "Позірк"

13 студзеня, Позірк. Беларусы “глыбока ўдзячныя” Літве за салідарнасць і падтрымку на іх шляху да свабоды, заявіла 13 студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык выказала падзяку на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х у Дзень абаронцаў свабоды Літвы — “дзень, калі простыя літоўцы праявілі вялікую мужнасць, згуртаваўшыся для абароны незалежнасці ад прыгнёту”.

Студзеньскія падзеі 35-гадовай даўніны вянчалі шматгадовы працэс аднаўлення незалежнасці Літвы, якому актыўна перашкаджалі савецкія ўлады.

13 студзеня 1991 года тысячы літоўцаў выйшлі на абарону стратэгічных аб’ектаў ад савецкай арміі. Непасрэдна ў той дзень у Вільнюсе ад дзеянняў войскаў СССР загінула 14 абаронцаў, сотні атрымалі раненні.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі Літва стала адной з асноўных краін, у якую многія беларусы пераехалі, ратуючыся ад рэпрэсій. У Вільнюсе жыве Ціханоўская.

Беларусы з’яўляюцца другой паводле колькасці ўладальнікаў дазволу на пражыванне нацыянальнай групай у Літве, саступаючы толькі ўкраінцам. Разам з тым, паводле даных Дэпартамента міграцыі пры МУС, пасля значнага росту іх лік у апошні час скарачаецца. Калі на 1 студзеня 2023 года дакументы, якія легалізуюць пражыванне ў Літве, мела 48.804 грамадзяніны Беларусі, на 1 студзеня 2024-га — 62.167, то на 1 студзеня 2025-га — 57.511, а на 1 студзеня 2026-га — 50.286.

Падзяліцца: