Мінск 15:26

Дэпутаты ратыфікавалі пагадненне аб скасаванні віз паміж Беларуссю і Аманам

Маскат, Аман
Ілюстрацыйнае фота: Gilles Gravier / unsplash.com

13 студзеня, Позірк. Закон, які ратыфікуе пагадненне аб скасаванні віз паміж Беларуссю і Аманам, прынялі 13 студзеня ў адным чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

У адпаведнасці з пагадненнем грамадзяне абедзвюх краін — уладальнікам звычайных пашпартоў, сапраўдных не менш як 6 месяцаў з даты ўезду, не трэба атрымліваць візы для ўезду, выезду і транзіту па тэрыторыі адзін аднаго, калі працягласць “бесперапыннага знаходжання” не перавышае 30 дзён.

Пры гэтым агульная працягласць знаходжання на тэрыторыі дзяржавы другога боку не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе.

Міжурадавае пагадненне аб узаемным скасаванні віз заключанае 6 кастрычніка 2025 года ў Мінску ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і султана гэтай арабскай краіны Хайсама бін Тарыка аль Саіда.

Дакумент падпісалі міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў і яго аманскі калега Бадр бін Хамад бін Хамуд аль Бусаідзі.

“Дзякуючы сумесна прынятым рашэнням аб аблягчэнні візавых патрабаванняў і запуску прамых авіязносін з лютага 2025 года ўжо звыш 1,7 тыс. беларусаў наведалі вашу цудоўную краіну, разлічваем на сустрэчную плынь аманскіх гасцей”, — заяўляў Лукашэнка.

Лукашэнка знаходзіўся ў Амане з працоўным візітам у снежні 2024 года. На сустрэчы з султанам ён абмеркаваў “стан і перспектывы развіцця стасункаў”. Беларускі палітык заявіў, што Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковай супрацы.

14 снежня 2024 года паведамлялася, што для грамадзян Беларусі пачала дзейнічаць працэдура спрошчанага ўезду ў Аман. Без візы ў краіне можна знаходзіцца не больш за 14 дзён. Тады ж стала вядома пра тое, што паміж Беларуссю і Аманам будуць наладжаныя прамыя авіязносіны. 1 кастрычніка 2025-га Лукашэнка сваім указам ухваліў праект пагаднення з Аманам аб узаемным скасаванні віз.

19 траўня 2025 года Лукашэнка, прымаючы ў Мінску спадкаемнага прынца, міністра культуры, моладзі і спорту Амана Зеязіна бін Хайсама аль Саіда, заявіў, што Беларусь сярод іншага зацікаўленая ў партовай інфраструктуры гэтай дзяржавы.

16 чэрвеня Рыжанкоў і аль Бусаідзі па тэлефоне абмеркавалі “шырокае кола пытанняў” двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.

Падзяліцца: