Мінск 15:31

Белстат: Інфляцыя ў 2025 годзе склала 6,8% (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандр Кулеўскі / sb.by

13 студзеня, Позірк. Спажывецкія цэны ў снежні 2025 года выраслі на 0,3%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары падаражэлі на 0,4%, нехарчовыя — на 0,2%, паслугі — на 0,3%.

У параўнанні са снежнем 2024 года цэны выраслі на 6,8%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 9%, нехарчовыя — на 3%, паслугі — на 8%.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год цэны не павінны былі вырасці больш як на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны вырасці больш як на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га. Далей нарастальным вынікам: люты — не больш за 2%, сакавік — 2,5%, красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Тэндэнцыю інфляцыі, якая ўсё расце, “неабходна пераламаць”, заявіў Лукашэнка 9 верасня 2025 года ў Мінску на нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў.

Падзяліцца: