Мінск 16:47

У тэлеэфіры не плануецца павялічваць аб’ём беларускамоўнага кантэнту — міністр інфармацыі

Архіўнае фота: тэлеканал АНТ

13 студзеня, Позірк. У эфіры тэлевізійных каналаў не плануецца павялічваць аб’ём беларускамоўнага кантэнту, вынікае са слоў міністра інфармацыі Марата Маркава, апублікаваных у тэлеграм-канале яго ведамства.

Такім чынам чыноўнік адказаў на пытанне ананіма, ці магчыма, каб 45% тэлевяшчання здзяйснялася на беларускай мове.

Прызнаўшы, што “беларускамоўных праграм на ТБ не так шмат”, Маркаў адзначыў — сітуацыя “склалася не ўчора і адлюстроўвае агульную сітуацыю ў грамадстве”.

Міністр звярнуў увагу на тое, што “больш за палову грамадзян краіны, паводле апошняга перапісу, назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляе на ёй — менш за чвэрць насельніцтва”.

“Тут важна разумець, што проста так узяць і сказаць: “Цяпер 45% эфіру будзе на мове!” — гэта падыход у рэаліях больш паходзіць на авантуру, — заявіў Маркаў (захаваная пунктуацыя і арфаграфія арыгінальнага паведамлення). — Мы не маем грамадскага тэлебачання, абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданне тэлевізарам і збору на смартфоны, планшэты, наўтбукі, тэлевізары як у Польшчы і шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў. Тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача”.

“А толькі 1,1% тэлегледачоў, згодна сацапытання 2025 года Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу глядзець тэлевізійныя праграмы на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як рускай, так і беларускай моў у тэлекантэнце. І што паказальна, доля тэлеглядзення нашага культурнага тэлеканала Беларусь 3, дзе пераважаюць беларускамоўныя праграмы — у сярэднім 2,5%. Не ўлічваць гэтую рэальнасць мы проста не можам”, — адзначыў ён.

На думку чыноўніка, прывіваць любоў да беларускай мовы неабходна комплексна — праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы — “без хоць бы самага малога ўшчамлення іншай дзяржаўнай мовы”.

Таму Міністэрства інфармацыі “бачыць сваю задачу не ў штучным навязванні працэнтных суадносін, а ў стымуляванні стварэння тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове”, заявіў Маркаў.

“Не бачу сэнсу ўскладняць гэта пытанне цяпер, з улікам усяго таго кашмару, які робіцца ў свеце. Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь з дзяржаўных моў, роўна як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яе павінны жорстка спыняцца на корані. Менавіта абвастрэнне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытанняў часта становіцца прычынай развалу дзяржаў. А для Беларусі, дзе пражывае больш за 150 нацыянальнасцяў, гэта больш чым актуальна”, — падсумаваў міністр.

Развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый. Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія развівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спецыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.

У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.

Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).

У 2024 годзе ў Беларусі выдадзена менш за 900 найменняў кніг на беларускай мове агульным накладам каля 3 млн экзэмпляраў — у дзевяць разоў менш паводле колькасці і ў чатыры разы паводле накладу, чым кніг на рускай мове.

Былыя вязні неаднаразова сведчылі пра тое, што да беларускамоўных зняволеных у месцах няволі складваецца асабліва жорсткія стаўленне.

Падзяліцца: