Мінск 00:15

Ціханоўская і Латушка абмеркавалі з экс-палітвязнямі ў Варшаве пытанні легалізацыі і бяспекі

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

14 студзеня, Позірк. “Шэраг сустрэч з беларусамі” правяла 14 студзеня ў Варшаве дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

У прыватнасці, паводле яго слоў, палітык сустрэлася з “валанцёрамі і прадстаўнікамі ініцыятыў, якія прымалі палітвязняў у Варшаве падчас снежаньскіх вызваленняў і цяпер апекуюцца імі ў Польшчы”.

Ціханоўская падзякавала валанцёрам за працу і “выслухала прапановы і праблемы, якія патрабуюць вырашэння”. Таксама абмеркаваныя “тэрміновыя запыты і магчымасці паляпшэння працэсаў дапамогі рэпрэсаваным”.

Разам з намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам дэмлідар таксама правяла сустрэчу з экс-палітвязнямі, вызваленымі і вывезенымі з Беларусі 13 снежня.

“Абмеркавалі пытанні легалізацыі, уладкавання жыцця ў Польшчы, магчымасці для наступных вызваленняў і праблемы бяспекі. У сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 40 вызваленых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве”, — паведаміў дарадца.

“Я ў вялікім захапленні ад нашых беларусаў — ад валанцёраў, ініцыятыў і ад мужнасці вызваленых палітвязняў. Ніхто не скарыўся, не зламаўся. Людзі вераць у нашу справу і кожны робіць усё, што можа. Мы павінны берагчы і падтрымліваць адно аднаго. Салідарнасць — гэта наша зброя, якая нас узмацняе і не дае нашай справе, нашаму руху згаснуць. Я проста хачу сказаць кожнаму і кожнай вялікі дзякуй”, — сказала па выніках сустрэч Ціханоўская.

Вячорка паведаміў, што палітык наведала выставу ў Музеі свабоднай Беларусі “Кропка ўваходу — 123”, прысвечаную 123 дэпартаваным палітвязням.

“Выстава афіцыйна адкрыецца праз некалькі дзён. На ёй прадстаўлена каля 30 артэфактаў, якія належалі некаторым з 123 палітвязняў, дэпартаваных 13 снежня: рэчы з мужчынскіх і жаночых калоній (у тым ліку прадметы, забароненыя ў зняволенні), рэчы, звязаныя з працэдурай дэпартацыі (пакет ад сухпайка КДБ, балаклава і іншае), заначкі з чайнымі пакецікамі, алюмініевая лыжка, мыла, ануча, цёплая бялізна”, — адзначыў дарадца.

Таксама 14 студзеня Ціханоўская правяла сустрэчы з кіраўніком місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне Святланай Шацілінай і прадстаўнікамі аб’яднання BelPol.

Акрамя таго, Ціханоўская і Латушка сустрэліся са спікерам Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай. На сустрэчы таксама прысутнічаў спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.

“Святлана Ціханоўская падзякавала Польшчы за прыём вызваленых палітвязняў і за надзвычайную падтрымку з боку польскай дзяржавы і парламента. Малгажата Кідава-Блоньска ў сваю чаргу выказала падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі і падкрэсліла, што Польшча будзе працягваць дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, а таксама і надалей аказваць дапамогу беларусам у Польшчы”, — паведаміў Вячорка.

На сустрэчы абмяркоўвалася супрацоўніцтва паміж дэмсіламі і Сенатам, уключаючы “магчымасць падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве па аналогіі з пагадненнямі, падпісанымі раней з Еўрапейскім парламентам, Супольнасцю дэмакратый і Еўрапейскім эканоміка-сацыяльным камітэтам”.

Таксама, паводле слоў дарадцы, падымаліся пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы, праца парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у Сейме і Сенаце, правядзенне канферэнцыі па Беларусі ў польскім парламенце, падрыхтоўка да выбараў у Каардынацыйную раду і магчымы ўдзел у іх назіральнікаў ад польскага парламента і інш.

Гл. таксама:

Распачатая працэдура легалізацыі ў Польшчы 79 вывезеных экс-палітвязняў — АПК

Польшча ніколі не пакіне вас на шляху да незалежнасці і суверэнітэту — Наўроцкі на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве

Падзяліцца: