Праваабаронцы паведамляюць пра факты затрымання ў ЕC беларусаў, якіх пераследуюць ўладаы на радзіме па лініі Інтэрпола

15 студзеня, Позірк. Пра два выпадкі затрымання беларусаў у краінах Еўрапейскага саюза па лініі Інтэрпола заявіла 15 студзеня праваабарончая ініцыятыва Partyzanka.
Позна ўвечары 13 студзеня на інфалінію ініцыятывы патэлеванавала супрацоўніца польскай паліцыі, якая паінфармавала пра затрыманне грамадзяніна Беларусі згодна з паведамленнем Інтэрпола.
“Званок адбыўся з ініцыятывы затрыманага беларуса, у якога быў статус міжнароднай абароны. Мужчыну адпусцілі на наступны дзень пасля ўсіх праверак і пастановы пракурора“, — адзначаецца ў рэлізе.
14 студзеня была атрымана інфармацыя аб затрыманні грамадзяніна Беларусі ў Румыніі таксама па лініі Інтэрпола. Вядома, што ён пакінуў Беларусь каля чатырох гадоў таму пасля вызвалення. Мужчына, які знаходзіўся пад наглядам, выехаў у Польшчу па гуманітарнай візе, на міжнародную абарону не падаваўся. Цяпер ён пад арыштам.
19 студзеня адбудзецца паўторны суд, пасля якога стане вядомы яго далейшы лёс, адзначаюць праваабаронцы.
Летась “чырвонае апавяшчэнне” Інтэрпола (за 2023 год) спрацавала пры афармленні новага дазволу на жыхарства грамадзянінам Беларусі (назву краіны Partyzanka не паведамляе). Мужчыну затрымалі і ў кайданках даставілі ў паліцэйскі ўчастак, а затым у акруговую пракуратуру. “У беларуса не было міжнароднай абароны. Яго адпусцілі, і ён падаў заяву на абарону, а праз паўгода суд пастанавіў, што яго перадача беларускім уладам недапушчальная з-за рызыкі палітычнага пераследу“, — паведамляе ініцыятыва.
“Такія запыты ў Інтэрпол — адзін з інструментаў транснацыянальных рэпрэсій, якія рэжым выкарыстоўвае супраць беларусаў, уцекачоў ад пераследу ў іншыя краіны, — мяркуе Partyzanka. — Запыты часта афармляюцца не паводле відавочна палітычных артыкулаў, а пад выглядам эканамічных ці “хуліганскіх“ парушэнняў, каб схаваць палітычную матывацыю. Запыты могуць выглядаць як Red Diff — тэрміновае апавяшчэнне, якое распаўсюджваецца хутчэй праз унутраныя каналы ў канкрэтныя краіны і не адлюстроўваецца ў адкрытай базе Інтэрпола. Таксама выкарыстоўваецца Red Notice, інфармацыя пра які звычайна бачная на сайце Інтэрпола. Акрамя таго, рэжым наўпрост накіроўвае запыты аб затрыманні ў некаторыя краіны, абыходзячы Інтэрпол”.
Падкрэсліваецца, што пасля рашэння мясцовага суда аб недапушчальнасці экстрадыцыі апавяшчэнне Інтэрпола не знікае аўтаматычна. Яно працягвае дзейнічаць, пакуль краіна, якая яго падала (у дадзеным выпадку Беларусь), не запытае яго адмену або пакуль Інтэрпол не прыме рашэнне аб яго зняцці паводле сваіх правілаў.
“Таму захоўваецца рызыка затрыманняў чалавека ў іншых краінах. Чалавеку трэба падаваць апавяшчэнні ў Інтэрпол аб выдаленні звестак”, — раіць Partyzanka.
Interpol Red Notice (“чырвонае апавяшчэнне” Інтэрпола) — запыт у праваахоўныя органы па ўсім свеце аб выяўленні і папярэднім затрыманні асобы ў чаканні экстрадыцыі, перадачы або аналагічных юрыдычных дзеянняў. Не з’яўляецца міжнародным ордэрам на арышт.
Большасць такіх апавяшчэнняў прызначаная толькі для выкарыстання праваахоўнымі органамі, вытрымкі з іх публікуюцца на запыт адпаведнай краіны-члена і ў тых выпадках, калі можа спатрэбіцца дапамога грамадскасці для выяўлення месцазнаходжання чалавека ці калі чалавек можа ўяўляць пагрозу грамадскай бяспецы.
У Інтэрпол уваходзяць амаль усе дзяржавы свету, акрамя Паўночнай Карэі, Туркменістана, Таджыкістана, Бутана, Кірыбаці, Мікранезіі, Палау, Самоа, Сан-Марына, Саламонавых астравоў, Тувалу, Вануату і Ватыкана.
Нацыянальнае бюро Інтэрпола ў Беларусі з’яўляецца структурным падраздзяленнем МУС.
Раней беларускія ўлады спрабавалі выкарыстоўваць міжнародную паліцыю для затрымання Святланы Ціханоўскай, аднак у Інтэрполе палічылі немагчымым выкарыстоўваць свае каналы для міжнароднага вышуку кандыдата на пасаду прэзідэнта на выбарах-2020.
Пры гэтым Мінск працягвае спробы экстрадыцыі з-за мяжы людзей, якія пераследуюцца на радзіме з палітычных матываў, па лініі Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі, выкарыстоўваючы, у прыватнасці, абвінавачанні ў эканамічных злачынствах.
Гучны рэзананс атрымаў арышт у Сербіі ў 2024 годзе рэжысёра Андрэя Гнёта, якога беларускія сілавікі абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў. Пасля года ўтрымання ў турме і пад хатнім арыштам ён змог пакінуць краіну дзякуючы садзейнічанню прэзідэнта краіны Аляксандра Вучыча.
Аб затрыманні ў Польшчы 54-гадовай грамадзянкі Беларусі, якая знаходзіцца ў вышуку па “чырвоным апавяшчэнні” Інтэрпола за “фінансавае махлярства”, паведамлялася ў ліпені 2025 года. Улады адмовіліся ад яе экстрадыцыі.

- Эканоміка
- ЭканомікаПа выніках 2025 года прамвытворчасць скарацілася на 1,8%, год таму быў рост на 5,4% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь дзевяць месяцаў запар не лідзіруе ў ЕАЭС ні па адным з сямі асноўных паказчыкаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь апусцілася на апошняе месца ў ЕАЭС у дынаміцы прамвытворчасці, да гэтага паўгода была на перадапошнімМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка


