Мінск 16:00

Першы ў Беларусі крыптабанк з’явіцца не раней за ліпень — намеснік кіраўніка рэгулятара Ягораў

16 студзеня, Позірк. Першы ў Беларусі крыптабанк з’явіцца не раней за ліпень 2026 года, гэта вынікае са слоў першага намесніка кіраўніка Нацыянальнага банка Аляксандра Ягорава.

У каментарыі дзяржСМІ чыноўнік адзначыў, што рэгулятар “узяў тэрмін у шэсць месяцаў для прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з дадзеным указам” (аб стварэнні крыптобанкаў і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў). — “Позірк”.).

Паралельна, паводле яго слоў, будзе весціся праца з усімі патэнцыяльнымі інвестарамі, як унутранымі, так і замежнымі, каб “практычна адразу пасля падрыхтоўкі ўсяго заканадаўства” ў Беларусі пачалі працу крыптабанкі.

Указ ён назваў “адным з самых чаканых нарматыўна-прававых актаў”.

“Да падпісання гэтага указа, адпаведна да магчымасці працы крыптобанкаў, у Беларусі былі вельмі выразна падзеленыя два контуры”, — сказаў Ягораў.

“Адзін, — удакладніў ён, — гэта класічная банкаўская сістэма, дзе банкі аперуюць звычайнымі грашыма, якімі людзі карыстаюцца кожны дзень. З іншага боку, былі крыптабіржы, якія мелі магчымасць, у тым ліку для грамадзян, прадастаўляць паслугі па куплі, продажы, абмене крыптавалют”.

У рамках новага ўказа, дадаў намеснік кіраўніка Нацбанка, плануецца “стварэнне такога інстытута, як крыптабанк, які дазволіць у сабе сумясціць як функцыі класічнага банка, так і функцыі крыптабіржы з даданнем дадатковага функцыяналу і дадатковых магчымасцяў працы з крыптавалютамі”.

Паводле яго слоў, гэта дазволіць мець “адзіны баланс, не адрозніваючы звычайныя і крыптагрошы”.

Ягораў звярнуў увагу, што самазанятыя грамадзяне будуць мець магчымасць атрымліваць зарплату ў крыптавалюце пры ўмове, што яны будуць атрымліваць яе праз крыптабанк.

Крыптабанкі будуць падпарадкоўвацца Нацбанку, што дазволіць, лічыць прадстаўнік рэгулятара, забяспечыць “бяспеку захоўвання грошай”.

“З боку Нацыянальнага банка будуць устаноўленыя патрабаванні, якія нарматывы неабходна будзе выконваць крыптабанкам для таго, каб ва ўсіх была ўпэўненасць у тым, што сродкі будуць надзейна захаваныя і ў любы момант грамадзянін або юрыдычная асоба зможа імі скарыстацца”, — заявіў Ягораў.

Чакаецца, што з’яўленне крыптабанкаў надасць “дадатковы імпульс развіццю ІТ-сектара ў краіне”. “З’явяцца новыя напрамкі работы, высокакваліфікаваныя спецыялісты. Гэта ў тым ліку зарплата, рост даходаў насельніцтва. Таму ў цэлым эфект ад указа будзе як з пункту гледжання развіцця рынку, так і з пункту гледжання ўплыву на ўсю эканоміку”, — рэзюмаваў чыноўнік.

Указ “Аб крыптабанках і асобных пытаннях кантролю ў сферы лічбавых знакаў (токенаў)” падпісаў 16 студзеня Аляксандр Лукашэнка.

Дакумент, як гаворыцца ў паведамленні яго прэс-службы, накіраваны на “ўмацаванне іміджу Беларусі” як “флагмана ў сферы фінансавых ІТ-тэхналогій” і прадугледжвае стварэнне “ўмоў для дзейнасці ў краіне крыптабанкаў”.

Крыптабанкам прызнаецца акцыянернае таварыства, якому “прадастаўлена права сумяшчаць дзейнасць з выкарыстаннем лічбавых знакаў (токенаў) са здзяйсненнем банкаўскіх, плацежных і іншых звязаных з імі фінансавых аперацый”.

Для допуску на рынак крыптабанк павінен мець статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій і быць уключаны ў рэестр крыптабанкаў Нацыянальнага банка.

Пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці крыптабанк абавязаны не толькі выконваць патрабаванні заканадаўства, але і выконваць рашэнні назіральнага савета ПВТ.

Чакаецца, што падвойнае рэгуляванне дазволіць крыптабанку прапаноўваць кліентам “інавацыйныя фінансавыя прадукты, якія адначасова валодаюць перавагамі як класічных банкаўскіх аперацый, так і тэхналагічнасцю, хуткасцю і выгодай аперацый з лічбавымі знакамі (токенаў)”.

Падзяліцца: