Мінск 12:36

Пашкоджаны ўчастак цеплатрасы ў Мінску дэмантуюць

Фота: прэс-служба Мінэнерга

20 студзеня, Позірк. Энергетыкі дэмантуюць пашкоджаны ў ноч на 19 студзеня ўчастак цеплатрасы ў Мінску, “вядуцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы па яго замене”, паведаміла 20 студзеня прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Паводле інфармацыі ведамства, ад таго моманту, як было выяўленае пашкоджанне, да ліквідацыі парушэнняў прыцягнулі больш за 170 чалавек.

Праца вядзецца кругласутачна. Пры гэтым працэс, як адзначыла Мінэнерга, ускладнены ўмовамі надвор’я — “уначы тэмпература паветра апускалася да -19 градусаў”.

“З улікам размяшчэння пашкоджанага ўчастка цепламагістралі прымяненне спецыяльнай тэхнікі было ўскладненае — шэраг тэхналагічных аперацый выконваўся брыгадамі практычна ўручную, — гаворыцца ў паведамленні. — Прымаюцца ўсе неабходныя меры для больш хуткага завяршэння работ і аднаўлення нармальнага рэжыму цеплазабеспячэння спажыўцоў”.

Пра аварыю на ўчастку цеплавой магістралі № 41 ранкам 19 студзеня паведаміла прадпрыемства “Мінскэнерга”. Адзначалася, што праз гэта “адбылося зніжэнне тэмпературы цепланосбіта часткі спажыўцоў” у пяці раёнах сталіцы.

Неўзабаве пасля таго як пра гэта стала вядома, намеснік начальніка ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі — начальнік аддзела энергетыкі гэтага ўпраўлення Мінгарвыканкама Андрэй Садоўскі заявіў, што тэмпература цепланосбіта ў цепласетках “цягам пары гадзін” будзе ўзнятая “да нармаваных значэнняў”, “праблема будзе ліквідаваная”.

Бліжэй да вечара міністр энергетыкі Дзяніс Мароз паведаміў, што “ў 17:21 водны рэжым быў адноўлены і былі ўключаныя цыркуляцыйныя помпы для падачы цяпла”, адмыслоўцы пачалі “запускаць цеплазабеспячэнне ў дамах”.

Чыноўнік дэталізаваў падзеі, якія адбыліся ў 3:30 ночы 19 студзеня: “Пры тэмпературы паветра мінус 21 градус на адной з магістраляў, якія сілкуюць Мінск цеплавой энергіяй ад ЦЭЦ-4, быў пашкоджаны кампенсатар дыяметрам 1.200 мм”.

У выніку было парушана цеплазабеспячэнне больш як 3 тыс. дамоў. Паводле слоў міністра, дзякуючы ўзаемадзеянню энергетыкаў, органаў мясцовай улады, МНС і ЖКГ былі аператыўна запушчаныя раённыя кацельні, якія забяспечылі часовае цеплазабеспячэнне для “львінай долі” пацярпелых спажыўцоў.

Аднак, сказаў Мароз, аварыя прывяла да страты каля 5 тыс. куб. м цёплай вады, з прычыны чаго адзін магістральны цеплаправод быў часткова спустошаны. Праз гэта цеплазабеспячэнне для часткі спажыўцоў не атрымалася аднавіць у кароткія тэрміны.

Падзяліцца: