Мінск 15:03

У Беларусі сама меней 22 палітзняволеных замежніка — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

20 студзеня, Позірк. У Беларусі сама меней 22 замежніка мае статус палітычнага зняволенага, паведамляе праваабарончы цэнтра “Вясна”.

Палова з іх — грамадзяне Расіі. Таксама маюцца палітвязні — грамадзяне Украіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы.

Замежныя грамадзяне утрымліваюцца з кратамі паводле абвінавачання ў “агентурнай дзейнасці”, “шпіянажы”, “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”, “закліках да санкцый”, “удзелу ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак”, “дыскрэдытацыі Беларусі”, “акце тэрарызму”, “міжнародным тэрарызме”. На гэты момант шэсць замежнікаў утрымліваюцца ў няволі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаныя ў так званы “спіс тэрарыстаў”.

Агулам з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед трапіла сама меней 100 замежных грамадзян (з іх 27 жанчын). Праваабаронцам вядома, што як найменш 75 з іх накіравалі ў калоніі.

61 замежнік мае статус “былога палітвязня”, не менш за 29 былі памілаваныя і дэпартаваныя з Беларусі.

У Беларусі 1.444 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі на 20 студзеня. З пачатку прэзідэнцкай кампаніі-2020 палітвязнямі былі прызнаныя 4.356 чалавек.

Падзяліцца: