Мінск 15:31

Беларусь гатовая пашыраць супрацу з ААН па “практыка-арыентаваных праектах” — МЗС

Максім Рыжанкоў і Расул Багіраў (справа налева)
Фота: МЗС Беларусі

20 студзеня, Позірк. План сумесных мерапрыемстваў на 2026 год у кантэксце пяцігадовай рамачнай праграмы супрацы Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый падпісалі 20 студзеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і пастаянны каардынатар ААН у Мінску Расул Багіраў.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, у план увайшлі “мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года беларускай жанчыны, па чарнобыльскай праблематыцы і пытаннях міру і развіцця, у тым ліку ў кантэксце распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”.

“Таксама [у план] увайшлі традыцыйныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да важных гістарычных вех стварэння Арганізацыі — пачатку Сан-Францыскай канферэнцыі (25 красавіка), падпісання Статута ААН (26 чэрвеня), Дня ААН (24 кастрычніка)”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі МЗС, у сустрэчы таксама ўдзельнічалі кіраўнікі краінавых прадстаўніцтваў агенцтваў з сістэмы ААН (ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА, СААЗ, УВКБ ААН, МАМ).

“Абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацы Беларусі і ААН у рамках рэалізацыі доўгатэрміновых нацыянальных прыярытэтаў, <…> абмяняліся думкамі пра працу Арганізацыі ва ўмовах сучасных глабальных выклікаў і закранулі пытанне ажыццяўлення праектнай дзейнасці ААН у Беларусі, адзначыўшы яе ўнёсак ва ўстойлівае развіццё дзяржавы”, — заявіла ведамства.

Рыжанкоў заявіў пра значнасць “рэалізацыі практыка-арыентаваных праектаў” і выказаў гатоўнасць да “далейшага пашырэння ўзаемадзеяння на гэтым напрамку”.

“Па выніках сустрэчы пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у паглыбленні партнёрства Беларусі і ААН, а таксама працягу сумесных намаганняў у інтарэсах устойлівага развіцця нашай краіны”, — сцвярджае МЗС.

Як паведамляў “Позірк”, рамачную праграму супрацы Беларусі і ААН у галіне ўстойлівага развіцця на 2026–2030 гады Рыжанкоў і Багіраў падпісалі 29 снежня 2025 года.

Варта адзначыць, што на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння савета Парламенцкай асамблеі АДКБ 18 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і АБСЕ намаганнямі “заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”. “Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі такія дзеянні”, — сказаў ён.

15 чэрвеня таго ж года, прымаючы даверчыя граматы шэрагу замежных амбасадараў, Лукашэнка заявіў, што ААН “з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій пра будучае развіццё свету” ператварылася ў “дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы”.

На яго думку, “калектыўны Захад” толькі “пакуль запраўляе ў ААН”. “Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад разбурае сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны”, — адзначыў Лукашэнка.

4 ліпеня 2024 года ў Астане (Казахстан) на палях саміту ШАС падчас сустрэчы з Лукашэнкам генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой былі вызваленыя некаторыя палітвязні, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі” (тагачасная хваля памілаванняў палітвязняў завяршылася напрыканцы студзеня 2025 года, перад мерапрыемствам, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”; працэс аднавіўся, калі з рэжымам Лукашэнкі пачалі актыўна кантактаваць прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША).

У кастрычніку 2024 года Гутэрыш узяў удзел у саміце БРІКС у расійскай Казані, за што пасля падпаў пад крытыку шэрагу заходніх лідараў. На палях форуму генсакратар ААН правёў шмат сустрэч, у тым ліку з Лукашэнкам. Беларускі палітык, які падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, падарыў Гутэрышу скульптуру буслоў, паведаміўшы, што гэта сімвал міру: “Нам, Антоніу, вельмі патрэбен мір”.

“Вы павінны ведаць, што мы заўсёды будзем побач з вамі, што тычыцца [пытанняў] міру і вайны. Мы за мір, за мірныя перамовы, за мірнае вырашэнне любых канфліктаў”, — адзначыў Лукашэнка. Ён прайшоў у абдымку з Гутэрышам некалькі метраў.

У той жа дзень Лукашэнка даў інтэрв’ю расійскай газеце “Известия”, у якім раскрытыкаваў дзейнасць ААН, заявіўшы, што быў бы не супраць з’яўлення ў свеце арганізацыі-супрацьвагі, каб “ААН заварушылася”. Ён выступіў за тое, каб праца ААН “была эфектыўнай, каб Савет Бяспекі вырашаў пытанне, а не проста збіраўся там”, каб пытанні вайны і міру вырашаліся выключна на пляцоўцы арганізацыі.

28 лютага 2025 года Рыжанкоў на сустрэчы з Багіравым і кіраўнікамі акрэдытаваных у краіне агенцтваў арганізацыі сярод іншага заявіў пра неабходнасць “адрадзіць дух арганізацыі” ва ўмовах “узрослага канфліктнага патэнцыялу і ўсё большай глабальнай палярызацыі”.

Падзяліцца: