Мінск 18:59

Лаўроў лічыць стварэнне Літвой палігона ў Сувалкскім калідоры правакацыяй у дачыненні да Расіі і Беларусі

Архіўны стоп-кадр: "Позірк"

20 студзеня, Позірк. У цяперашні час няма ніякіх падстаў “раздзімаць праблему” Сувалкскага калідора як магчымай пагрозы для бяспекі Літвы, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў 20 студзеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай знешнепалітычным вынікам 2025 года.

Кіраўнік расійскага МЗС адказваў на пытанне, што хаваецца за планамі Літвы “стварыць умацаваны раён” у згаданым раёне і наколькі такія планы “пагражаюць бяспецы Беларусі і Расіі”.

Паводле слоў Лаўрова, “робячы такога кшталту заявы”, Вільнюс можа дасягнуць “супрацьлеглага выніку”.

“Узнікае натуральнае адчуванне і ў Расіі, і ў Беларусі, што яны нешта задумваюць, што яны задумваюць нейкую правакацыю для таго, каб справакаваць нас на канкрэтныя дзеянні і затым заклікаць да адзінства Еўрапейскага саюза і Паўночнаатлантычнага альянсу”, — сказаў кіраўнік расійскай дыпламатыі.

“З гэтай жа серыі пагрозы ў дачыненні да Калінінградскай вобласці. Ну, вы ведаеце, мы не будзем уцягвацца ў абмен рыторычнымі пагрозамі, але ўсе павінны ведаць пра гэта, неаднаразова гаварылі: усе павінны ведаць, што гэта будзе самагубствам для тых, хто задумае падобныя правакацыі”, — дадаў ён.

“Ну калі яны па Сувалкскім калідоры праяўляюць неспакой… Я бачыў зараз шмат відэаматэрыялаў, фотаматэрыялаў… Хутка ў Грэнландыі вызваляцца вялікія ваенныя рэсурсы”, — адзначыў Лаўроў.

Як паведамляў “Позірк”, Літва плануе стварыць ваенны палігон паблізу населенага пункта Капчаместыс у так званым Сувалкскім калідоры каля мяжы з Беларуссю і Польшчай.

На 21–22 студзеня ваеннае ведамства краіны запланавала сустрэчы з жыхарамі раёна, на тэрыторыі якога плануецца стварэнне згаданага палігона.

Рашэнне пра будаўніцтва палігона павінен зацвердзіць Сейм Літвы. Паводле даных Міністэрства абароны, у такім выпадку на палігоне будзе ўладкавана стацыянарная інфраструктура баявой падрыхтоўкі і вучэнняў, пабудаваны аб’екты абарончай інфраструктуры, будуць праводзіцца вучэнні з баявой стральбой і выкарыстаннем цяжкага баявога ўзбраення і тэхнікі і інш.

“Агрэсія Расіі супраць Украіны выявіла рэальныя пагрозы для рэгіёна. Літва мае каля 700 км мяжы з Беларуссю і 300 км — з Расіяй. Сувалкскі калідор злучае дзяржавы НАТО ў кантынентальнай Еўропе і адначасова аддзяляе Калінінград ад Беларусі”, — лічаць у Мінабароны.

“Ваенныя палігоны Літвы размешчаны па перыметры дзяржавы — Пабрадэ, Руднінкай, Таўраге, — аднак на поўдні Літвы такой інфраструктуры няма. Тэрыторыя каля Капчаместыса прапануецца праз яе стратэгічнае становішча недалёка ад мяжы з Польшчай і Сувалкскага калідора. З ваеннага пункту гледжання гэтае месца дазваляе знізіць уразлівасць поўдня Літвы”, — мяркуюць у абаронным ведамстве.

На старонцы з картай палігона адзначаецца таксама, што ён “будзе размешчаны на мяжы з Беларуссю, ключавым саюзнікам Расіі, у цяперашні час кантраляваным аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі”. Гэта дазволіць “умацаваць абарону рэгіёна менавіта там, дзе гэта найбольш неабходна”.

Сувалкскім калідорам называюць вузкі ўчастак на тэрыторыі Польшчы і Літвы. Заходнія эксперты і вайскоўцы лічаць гэта месца “слабым звяном”, паколькі патэнцыйнае заняцце калідора беларускімі і расійскімі войскамі не толькі адрэжa краіны Балтыі ад астатніх дзяржаў Еўрасаюза па сушы, але і злучыць Гродзенскую вобласць Беларусі з расійскім эксклавам — Калінінградскай вобласцю, што дазволіць арганізаваць хуткую прамую пастаўку туды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: